5 траўня 2024, Нядзеля, 10:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковая забірае ў прадпрымальніка трохгадовы заробак

17
Падатковая забірае ў прадпрымальніка трохгадовы заробак

У прадпрымальніка, які гандлёваў прамысловымі таварамі, канфіскоўваюць мільярд беларускіх рублёў.

Пра гэта паведаміў чытач charter97.org, індывідуальны прадпрымальнік з Гародні.

Ён распавёў, што праз няўзгодненасць законаў Расеі і Беларусі пакутуюць прадпрымальнікі з беларускага боку. Падатковая правяла праверку, паводле вынікаў якой патрабавала дакументы аб набыцці тавару ў Расеі. Прадпрымальнік заяўляе, што ні запазычанасці перад дзяржавай, ні ўтойвання даходаў з яго боку няма - і падатковая гэта пацвярджае. Аднак праблема палягае ў тым, што суправаджальныя дакументы ўсе тры гады былі расейскага ўзору, а цяпер раптам падатковая «апамяталася» і запатрабавала дакументы па ўзоры беларускаму. Жыхар Гародні можа быць пазбаўлены мільярда беларускіх рублёў выручкі.

- Падатковая інспекцыя Гарадзенскага раёна збіраецца праз суд адабраць у вас велізарную суму грошай, заробленую вамі за тры папярэднія гады працы, хоць заўваг па плацяжах у бюджэт няма. Ці законна гэта на ваш погляд?

- Усё робіцца згодна з законам. Але ж такія законы! Падатковая спасылаецца на грамадзянскі кодэкс, дзе паказаная неабходнасць наяўнасці дакументаў на ўвазны тавар. Дакументы, вядома, павінны быць - і яны ў мяне ёсць, толькі яны не ўстаноўленага ўзору, а тыя, якія выдаюць мае пастаўшчыкі ў Расеі. Адпаведна, гэтыя дакументы не задавальняюць беларускі бок. Пастаўшчыкам не трэба ведаць беларускае заканадаўства і яны яго не ведаюць, ім гэта не цікава. І атрымліваецца, я раблюся проста крайнім. Таму з мяне патрабуюць усю рэалізаваную выручку, гэта значыць, не закупачная цана таннейшая, а цана, устаноўленая пасля куплі мной, даражэйшая. У выніку гэтую суму «даражэй» у мяне збіраюцца канфіскаваць. А гэта каля мільярда рублёў!

- Атрымліваецца, вы патрапілі «паміж двух агнёў»? У чым прычына такіх паводзінаў уладаў?

- Разумееце, закон павінен выконвацца. Тады мы па ім працуем. Але часам закон абсурдны - і ў гэтым бяда. Хоць, як нават пацвярджае тая ж падатковая інспекцыя, усе падаткі выплачаны, увесь тавар быў зафіксаваны і прадаваўся паштучна, улік вёўся жорстка, тавар на бок не сыходзіў. Але, што называецца, без паперкі ты - ніхто. І нават не ўсякая паперка задаволіць нашу падатковую інспекцыю. Вось у чым праблема. А ўзгодненасці паміж дзяржавамі няма, бо гаворка пра імпартныя тавары. Я тэлефаную ў інстанцыі Расейскай Федэрацыі - там кажуць: «Разбірайцеся самі з партнёрамі». Партнёры кажуць, маўляў, у нас няма ніякіх праблем з расейскімі пакупнікамі. Называецца, не хочаш - не купляй. Але як я магу не купляць? Бо трэба за нешта жыць. Калі я гэта купляю ў іншых пастаўшчыкоў, там цана ў тры разы вышэйшая. У мяне цана продажу меншая, чым у іх! А з мяне патрабуюць фактычна тое, што я даць не магу.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках