27 красавiка 2024, Субота, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Светлагорска два гады ваюе з крамай

35
Жыхарка Светлагорска два гады ваюе з крамай

Жыхарка Светлагорска Віталіна Смалярова ў спробах спагнаць з крамы грошы за зламаную мікрахвалевую печ за два гады наведала ўсе судовыя інстанцыі.

Прасіла дапамогі і ў Адміністрацыі прэзідэнта. Выніку пакуль ніякага: грошы ёй не вярнулі, заявы ў суд і паслугі адваката на некалькі мільёнаў палегчылі кашалёк, у прыдачу дырэктар гандлёвага прадпрыемства, якая прадала ёй «памочніцу ў побыце», запатрабавала вярнуць 4 млн рублёў за экспэртызу злашчаснай мікрахвалевай печы, паведамляюць «Беларускія навіны».

Шматдзетная маці летам 2012 года набыла ў адной з крам райцэнтра мікрахвалевую печ Midea за 670 тысячаў рублёў. Праз некалькі месяцаў яе насцярожыла, што мікрахвалеўка пачала сваволіць: патрэскваць, выдаваць дзіўныя гукі, прапала падсвятленне.

«Я спалохалася, у мяне маленькія дзеці, ці мала што. Яшчэ выбухне. Аднесла яе назад у краму - бо яшчэ не скончыўся гарантыйны тэрмін. Запатрабавала вярнуць мне грошы і забраць недабраякасны тавар. Печку яны забралі, а грошы не вярнулі. Праз нейкі час прапанавалі забраць мікрахвалёўку, сказалі, што адрамантавалі. Але я настойвала на вяртанні грошай, не патрэбна мне гэтая небяспечная печка», - патлумачыла Віталіна.

Канфлікт паміж пакупніком і прадаўцом (гандлёвым прадпрыемствам, якому належыць крама) не ўдалося развязаць мірным шляхам. Пакупніца пайшла ў суд.

6 верасня 2013 суд Светлагорскага раёна адмовіў Віталіне Смаляровай у задавальненні скаргі. Яна прасіла выплаціць ёй грошы за няякасны тавар, выплаціць няўстойку і кампенсаваць маральную шкоду (1,1 млн рублёў - за печку, столькі яна каштавала на момант судовага паседжання, 3 млн рублёў - маральнай кампэнсацыі, 1850000 рублёў - за паслугі адваката).

Пастановай раённай інстанцыі жыхарка Светлагорску не задаволілася, і паскардзілася ў Гомельскі абласны суд. Судовыя паседжанні доўжыліся некалькі месяцаў. Была прызначаная экспэртыза злапомнага электрапрыбора, паводле вынікаў якой было ўстаноўлена, што «мікрахвалевая печ знаходзіцца ў спраўным і працаздольным стане, адпавядае патрабаванням ДАСТ, з'яўляецца якаснай». Экспэртызу праводзіла прыватнае спецыялізаванае прадпрыемства, каштавала працэдура 4 млн рублёў, якія аплаціла гандлёвае прадпрыемства, рэалізоўваўшае печку.

Абласны суд у сваёй пастанове спасылаўся на закон «Аб абароне правоў спажыўцоў»: спажывец, якому прададзены тавар неналежнай якасці, калі яго недахопы не былі абумоўленыя прадаўцом, мае права скасаваць дамову рознічнай куплі-продажу і запатрабаваць звароту выплачанай за тавар сумы. Аднак «адказчык перадаў мікрахвалёўку ў ААТ ОТТЦ «Гарант», які праводзіць сэрвіснае абслугоўванне мікрахвалевых печаў. У выніку гарантыйнага рамонту ад 18 студзеня 2013 года была праведзеная замена лямпачкі асвятлення печы, пра што ў гарантыйным талоне зроблены запіс. Іншых недахопаў у печы не выявілася».

«Я не ўпэўненая, што адказчык падаў на экспэртызу менавіта маю печ, з тым жа гарантыйным талонам. Аднак суд назваў мае довады надуманымі. Чаму наогул крама прыняла ў мяне печку, калі яна была якаснай, як сцвярджае суд? Бо гэта азначае, што крама прызнала, што печка няспраўная!», - Заўважыла маладая жанчына.

Адказ на гэтыя довады ёсць у выраку абласнога суда. «Адказчык прыняў у вас тавар не ў сувязі са скасаваннем дамовы куплі-продажу, а на адказнае захоўванне для праверкі і ліквідацыі дэфектаў. Пры наяўнасці такіх звестак і з улікам таго, што прададзены вам тавар з'яўляецца якасным, выснова раённага суда аб адсутнасці падстаў для скасавання дамовы куплі-продажу і вяртання выплачанай сумы з'яўляюцца правільнымі», - удакладніў у выраку абласны суд.

Дырэктар гандлёвага прадпрыемства на судовых пасяджэннях позвы не прызнавала. Маўляў, пакупніца прынесла мікрахвалёўку, электрапрыбор накіравалі ў «Гарант» для сэрвіснага абслугоўвання, там выявілі толькі адзін недахоп – лямпачку, якая падлягае замене.

Не дапамог ёй і Вярхоўны суд, які яна прасіла скасаваць пастановы ніжэй пералічаных інстанцый. 13 кастрычніка 2014 ВС даў адказ, што «дакладных звестак, якія аспрэчваюць высновы экспэртызы і пацвярджаюць ваша зацвярджэнне аб неналежнай якасці набытай мікрахвалевай печы вы суду не прадставілі, падстаў для пратэсту не маецца».

Жыхарка Светлагорска звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта. І атрымала адтуль адказ, што суд у нас з'яўляецца «незалежным», і Адміністрацыя прэзідэнта «не мае права» падвяргаць сумневу судовыя пастановы.

У канцы кастрычніка Віталіну чакала яшчэ адна непрыемнасць. Ад гандлёвага прадпрыемства «Промторгпроект» яна атрымала ліст-прэтэнзію. Сутнасць яе ў тым, што раз ужо суды адмовілі Віталіне Смаляровай у задавальненні скаргі, то няхай яна аплаціць судовую экспэртызу мікрахвалёўкі. 4 млн рублёў прапанавана аплаціць у добраахвотным парадку, «у адваротным выпадку мы будзем вымушаныя звярнуцца ў суд».

Гэтую прэтэнзію Віталіна палічыла неабгрунтаванай, аб чым і напісала гандлёваму прадпрыемству.

«Я купіла няякасны тавар, не змагла вярнуць за яго грошы, значна выдаткавалася на адваката, заявы ў суд, пазбавілася спакою і грошай, а яшчэ на мяне хочуць павесіць і чатыры мільёны за экспэртызу? Дзе справядлівасць?», - Здзіўляецца жыхарка Светлагорска.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках