1 траўня 2024, Серада, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя гучныя адстаўкі года

19

У 2014-м наменклатурнікі сыходзілі ціха і загадкава.

«Салідарнасць» узгадвае, каго знялі з высокіх пасад з пачатку года.

Алег Праляскоўскі

 

У чэрвені пасады міністра інфармацыі пазбавіўся 50-гадовы Алег Праляскоўскі. Чыноўнік, які амаль пяць гадоў узначальваў міністэрства, даўно стаў адыёзнай фігурай. Дастаткова ўспомніць закрыццё «Аўтарадыё» і спробы ліквідаваць газеты «Наша Ніва» і «Народная воля». Чыноўніка змяніла на пасадзе міністра яго намесніца Лілія Ананіч.

Прычына звальнення Алега Праляскоўскага агучаная не была. Новага прызначэння праз паўгода ён так і не атрымаў.

Андрэй Харкавец

 

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных каментароў з нагоды зняцця ў ліпені з пасады міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, пытанняў пра прычыны яго адстаўкі менш за ўсё.

Паводле інфармацыі БелаПАН, 50-гадовы чыноўнік прыкладна з пачатку года хварэў і праходзіў лячэнне ў адной з еўрапейскіх краін, фактычна спыніўшы выконваць абавязкі міністра.

Андрэя Харкаўца, які шэсць гадоў узначальваў ведамства, змяніў на пасадзе яго намеснік 53-гадовы Уладзімір Амарын.

Аляксандр Якабсон

 

У жніўні Камітэт дзяржаўнага кантролю пакінуў 63-гадовы Аляксандр Якабсон. Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, прычынай яго вызвалення ад пасады стаў перавод на іншую працу.

Сапраўды, неўзабаве стала вядома, што Аляксандр Якабсон прызначаны памочнікам прэзідэнта і галоўным інспектарам у горадзе Менску. Каб прадэманстраваць, што ў чыноўніка няма праблем у дачыненнях з прэзідэнтам, Аляксандр Лукашэнка асабіста сустрэўся з ім пры прызначэнні на новую пасаду.

Новым кіраўніком Дзяржкантролю стаў 60-гадовы Леанід Анфімаў, які працаваў намеснікам у Якабсона.

Леанід Козік

 

Леанід Козік, які 12 гадоў узначальваў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, 22 верасня папрасіў савет ФПБ вызваліць яго ад пасады. Агучаная яго прэс-сакратаром прычына такога кроку гучала даволі дзіўна: 67-гадовы Леанід Козік наважыў звольніцца цяпер, каб за год, які застаўся да наступнага з'езду ФПБ, людзі змаглі прыгледзецца да новых кандыдатаў.

Праз месяц адстаўка была прынятая. Новым кіраўніком ФПБ стаў 48-гадовы Міхаіл Орда.

Наталля Пяткевіч

 

У пачатку кастрычніка Аляксандр Лукашэнка вызваліў Наталлю Пяткевіч, якая шмат гадоў працавала з ім, ад пасады памочніка прэзідэнта. У прэс-службе паведамілі, што 41-гадовая чыноўніца звольненая «па пагадненні бакоў».

Паводле адной з версій, ёй не даравалі гісторыю з пранкерам Ваванам, які прадставіўся сынам Віктара Януковіча і здолеў пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам. Голас памочніцы, з якой меў стасункі пранкер, быў падобны на голас Наталлі Пяткевіч.

Былая памочніца дыктатара прапрацавала ў адміністрацыі прэзідэнта і побач з Аляксандрам Лукашэнкам 20 гадоў.

Мікалай Ладуцька

У пачатку лістапада правадыр адправіў у адстаўку 55-гадовага старшыню Менгарвыканкама Мікалая Ладуцьку. Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў чыноўніка, у тым ліку за неэфектыўную інвестыцыйную палітыку і карупцыю, і нават пагражаў яго арыштаваць.

Паводле неафіцыйных звестак, Мікалай Ладуцька, які працаваў кіраўніком Менска 4 гады, можа адправіцца паслом Беларусі ў Кітай. На пасадзе старшыні Менгарвыканкама яго змяніў былы міністр ЖКГ Андрэй Шорац, якому ў гэтым годзе споўніўся 41 год.

Аляксандр Шпілеўскі

 

Таксама ў лістападзе пазбавіўся сваёй пасады 61-гадовы старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі, які ўзначальваў ведамства з 2001 года. Без тлумачэння прычын Аляксандр Лукашэнка прызначыў на яго месца 47-гадовага Юрыя Сянько, які кіраваў Менскай рэгіянальнай мытняй.

Правадыр сказаў новаму кіраўніку: «Скажу шчыра, у мяне ўражанне, што мы пачынаем у нейкай ступені на асобных участках спыняцца. Ні ў якім разе нельга спыняцца! І вось ваша задача - зыходзячы з таго, што створана сёння, у тым ліку і праз вашы намаганні, трэба гэта развіваць, ісці наперад, тым больш што наша краіна становіцца адзіным транзітным калідорам з Усходу на Захад».

Юрый Жадобін

 

25 лістапада пазбавіўся сваёй пасады міністра абароны 60-гадовы Юрый Жадобін. Дыктатар адзначыў ва ўказе, што звальняе яго ў запас па ўзросту.

Экспэрт Аляксандр Алесін адзначыў: «Лукашэнка ўлічыў урокі Украіны, дзе войска апынулася небаяздольным, няздольным адказаць ні на замежныя, ні на ўнутраныя выклікі. І пераўзбраенне яго практычна не праводзілася».

Новым міністрам абароны дыктатар прызначыў 47-гадовага Андрэя Раўкова - беларуса, якога муштравалі ў «Крамлёўцы».

***

Такім чынам у 2014 годзе дзяржаўныя пасады пакінулі многія наменклатурнікі, якія доўгія гады працавалі на высокіх пасадах. Яшчэ нельга не звярнуць увагу, што большасць гучных адставак ніяк не патлумачылі народу, для якога чыноўнікі і працуюць. Ці правініліся наменклатурнікі, і як іх за гэта пакараць, вызначае толькі адзін чалавек.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках