4 траўня 2024, Субота, 18:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Пазбегнуць абвальнай дэвальвацыі ў Беларусі будзе складана

42
Станіслаў Багданкевіч: Пазбегнуць абвальнай дэвальвацыі ў Беларусі будзе складана

Калі ўлады нічога не будуць рабіць, то дэвальвацыя будзе такая ж, як у Расеі.

Такое меркаванне выказаў БелаПАН былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч што да мер, якія трэба прымаць у сувязі з імклівым падзеннем курсу расейскага рубля. З пачатку года курс расейскага рубля абрынуўся да беларускага больш чым на 35% - з 290 да 177 рублёў.

На думку Багданкевіча, дэвальваваць беларускі рубель варта было б больш хуткімі тэмпамі. "Разам з тым я не думаю, што мы павінны абясцэньваць нашу нацыянальную валюту на 60%, як гэта зрабіла Расея, - падкрэсліў экспэрт. - Так, мы павінны адпусціць рубель, але ў большай меры арыентуючыся на дэфіцыт існага рахунку. Не толькі на збалансаванасць вонкавага гандлю, але і з улікам плацяжоў у выплаце вонкавай запазычанасці".

"Гэта значыць, павінна быць не прывязка да расейскага рубля, аднак больш хуткая дэвальвацыя. У якой яна павінна адбывацца меры, трэба глядзець зыходзячы з дэфіцыту плацежнага балансу", - дадаў Багданкевіч.

З яго слоў, для недапушчэння абясцэнення нацыянальнай валюты аналагічна расейскай неабходна, перш за ўсё, развязаць пытанне высокай інфляцыі, абмежаваць рост грашовай масы, спыніць крэдытаваць неэфектыўныя праекты і скараціць рост запазычанасці рэальнай эканомікі перад камерцыйнымі банкамі. "ВУП вырас менш чым на 1,5%, а запазычанасці рэальнага сектара перад банкамі выраслі на 24%. Гэта ні ў якія рамкі не лезе. У тым ліку і таму нам патрэбна паскораная дэвальвацыя, а не толькі праз тое, што абрынаецца расейскі рубель", - адзначыў экс-кіраўнік Нацбанка.

На ягоную думку, паўтарэння валютнага крызісу, які быў у Беларусі ў 2011 года, пакуль яшчэ можна не дапусціць. "Сёння валютны курс у краіне кантраляваны. Яшчэ можна не дапусціць абвальнай дэвальвацыі, якая ў нас адбывалася раней. Аднак для гэтага патрабуецца прыняцце шэрагу мер эканамічнай палітыкі", - падкрэсліў Багданкевіч.

"Калі нашы ўлады па-ранейшаму нічога не будуць рабіць, то дэвальвацыя будзе абвальнай, такой жа, як у Расеі", - дадаў экспэрт. Часу ва ўладаў застаецца не так шмат - у межах аднаго квартала.

"Нельга рабіць стаўку толькі на дэвальвацыю, бо ўсялякая дэвальвацыя вядзе да жабрацтва насельніцтва, абясцэньвання рублёвых укладаў, дадатковага росту коштаў на ўнутраным рынку. Дэвальвацыя - гэта велізарная праблема для краіны і насельніцтва", - падкрэсліў Багданкевіч.

Варта адзначыць, што на неабходнасць абясцэньвання беларускага рубля больш хуткімі тэмпамі паказваюць уладам Беларусі і міжнародныя фінансавыя арганізацыі, у тым ліку Сусветны банк.

Але Нацыянальны банк магчымыя змены ў сваёй курсавой палітыцы пакуль не каментуе. У кастрычніку старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова заяўляла, што дэвальваваць беларускі рубель услед за расейскім не плануецца, адзначаючы, што вакол тэмы дэвальвацыі расейскага рубля ідзе вельмі шмат спекуляцый. "Заўтра ён скокне ўверх, так што, мы будзем услед за ім бегчы?" - Адзначала Ермакова.

12 снежня намеснік кіраўніка Нацбанка Сяргей Дубкоў заявіў, што Беларусь здольная знайсці новыя крыніцы росту для эканомікі ў неспрыяльных вонкавых умовах. Адказваючы на пытанне пра ўплыў нестабільнай сітуацыі ў расейскай эканоміцы на Беларусь, Дубкоў адзначыў, што гэта фактар важны, але яго не варта пераацэньваць. "Крызіс - гэта і дрэнна, і добра. Ён дазваляе адкрыць тыя новыя нішы, якія мы можам заваяваць", - падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках