1 траўня 2024, Серада, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сайты БелаПАН і naviny.by аднавілі працу

1
Сайты БелаПАН і naviny.by аднавілі працу

Кампанія БелаПАН не атрымлівала ніякіх афіцыйных папярэджанняў аб блакаванні і мяркуе, што для яе няма законных падстаў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве БелаПАН.

«Працягваецца блакаванне IP-адрасоў сайтаў belapan.by, belapan.com і naviny.by, якія належаць Беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

20 снежня а 19.00 быў заблакаваны доступ як беларускіх, так і замежных карыстальнікаў да афіцыйнага сайту БелаПАН і інтэрнэт-газеты Naviny.by, зарэгістраванай у даменнай зоне.by і размешчанай на беларускай хостынгавай пляцоўцы. Пасля змены IP-адрасоў 21 снежня ўдалося аднавіць працу belapan.by і naviny.by, аднак прыкладна а 14.00 таго ж дня былі заблакаваныя і новыя IP-адрасы. Дагэтуль невядома, кім прынятая пастанова аб блакаванні і хто тэхнічна яе ажыццяўляе. Хостынгавая кампанія і дзяржаўны манапаліст «Белтэлекам» заявілі, што не валодаюць інфармацыяй аб гэтым. Спробы атрымаць адказ на гэтае пытанне ў Міністэрстве інфармацыі таксама былі безвыніковымі.

Цяпер, нягледзячы на далейшае блакаванне, сайты belapan.com і naviny.by аднавілі працу. Мы не выключаем новых спробаў іх блакавання, але і не маем намеру мірыцца з гэтымі незаконнымі дзеяннямі. Кампанія БелаПАН не атрымлівала ніякіх афіцыйных папярэджанняў або апавяшчэнняў аб такім блакаванні і ўважае, што для яе няма законных падстаў.

Мы расцэньваем блакаванне сайтаў БелаПАН і іншых інтэрнэт-медыяў як грубае парушэнне палажэнняў Канстытуцыі, якія гарантуюць права на распаўсюд інфармацыі, закона аб СМІ, а таксама міжнародных абавязанняў Беларусі ў галіне правоў чалавека, свабоды слова і СМІ.

Мы патрабуем ад дзяржаўных органаў, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца рэгуляванне дзейнасці СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў, расследаваць факты незаконнага блакавання сайтаў і апублікаваць інфармацыю аб выніках такога расследавання», - гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, 20 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Згодна з дакументам, усе інтэрнэт-сайты ў Беларусі прыроўненыя да СМІ і могуць быць заблакаваныя за адно парушэнне. Праект быў унесены на разгляд Саветам міністраў Беларусі і ў тэрміновым парадку ўхвалены «парламентам». Папраўкі не выносіліся на грамадскае абмеркаванне.

З 19 снежня ўлады Беларусі заблакавалі шэраг незалежных сайтаў, у тым ліку charter97.org. Доступ да іх з тэрыторыі Беларусі абцяжараны альбо немагчымы да сённяшняга дня.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках