1 траўня 2024, Серада, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Краўчук: У Пуціна пад нагамі гарыць зямля

3
Леанід Краўчук: У Пуціна пад нагамі гарыць зямля

Таму ён паслаў у Кіеў сваіх эмісараў - Лукашэнку і Назарбаева.

Пра ўзаемаадносіны паміж Расеяй, Беларуссю, Казахстанам і Украінай, а таксама аб сваім бачанні мэты візіту ў Кіеў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева і ролі расейскага прэзідэнта ў гэтых перамовах у эксклюзіўным інтэрв'ю «Гордан» распавёў першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук.

«Прыезд Назарбаева і Лукашэнкі ва Украіну - гэта пошукі магчымых развязанняў, каб захаваць твар Пуціна, які па сваёй сутнасці ў Расеі ўжо цар. А цары назад не ідуць, яны ідуць толькі наперад. Гэта пошукі дыпламатычнага і палітычнага развязання праблемы стасункаў з Расеяй ці прыпынку рэальнай вайны з ёй. Пуцін бачыць, што сітуацыя ў Расеі і за яе межамі складваецца не на ягоную карысць. Хоць і робіць выгляд, што ўсё добра, што ён выйдзе з сітуацыі. На тое, што Захад так адрэагуе на яго палітыку, Пуцін відавочна не разлічваў. Апошнія санкцыі Еўропе і ЗША па сутнасці - поўная ізаляцыя Крыма. І яны будуць, мяркуючы па ўсім, узрастаць і ўзрастаць.

Пуцін адчувае, што ў яго пад нагамі пачынае гарэць зямля. Пра гэта кажуць і ў Расеі, і не толькі апазіцыя. Таму ён і паслаў сваіх эмісараў. А яны выконваюць, на жаль, на мой погляд, ролю не самастойных дзяржаўных дзеячаў, а знаходзяцца пад уплывам Расеі і пад пятой Пуціна.

Я бачыў, як ствараўся іх эканамічны саюз, з нагоды якога яны павінны сабрацца ў Маскве і штосьці там падпісаць. Я бачыў, як гэта было штучна. І заявы Лукашэнкі, і заявы Назарбаева - усё ў адрас расейскага прэзідэнта і Расеі - што нарэшце яны створаць такую эканамічную структуру, якая будзе мець неверагодныя магчымасці - шырокія, глыбокія і высокія. А адбылося тое, што адбылося. Інфляцыя рубля прывяла да таго, што яны шукаюць новыя рынкі, шукаюць, як разлічвацца, кажуць аб цвёрдай валюце.

Першая мэта - гэта пошукі пераадолення крызісу - і палітычнага, і эканамічнага, і вайсковага, і выхад на нейкія гарызонты. Мы таксама не жывем у замкнёным коле, і ўкраінская эканоміка звязаная з расейскай, якая пакідае на ёй след. Нельга казаць, што толькі Расея пакутуе - пакутуюць усе. І Пуцін павінен быў зрабіць рэальны першы крок, каб пакончыць з гэтым. Аднак ён пакуль будзе стаяць на сваім, так як сутнасць у яго застаецца агрэсіўна-дыктатарская, і ён ад гэтага не адмаўляецца», - заявіў Краўчук.

Гэта менавіта тыя прычыны, чаму Лукашэнка і Назарбаеў едуць да Парашэнкі.

«Яны хочуць даведацца яго меркаванне, да якіх сцэнароў ён гатовы. Цяпер гэтыя сустрэчы не з'яўляюцца адкрытымі, таму цяжка судзіць. Але ясна, што ў іх, акрамя сваіх праблем, ёсць даручэнне аб нейкіх прапановах Пуціна. Пры гэтым яны не спасылаюцца на Пуціна, каб не ставіць у няёмкае становішча. Калі б гэта былі дзяржаўныя або афіцыйныя візіты, яны былі б арганізаваныя па-іншаму. Гэта накшталт рабочых кансультатыўных сустрэч для высвятлення пазіцыі Парашэнкі. І Пуцін, і Назарбаеў, і Лукашэнка нейкую сваю пазіцыю ў рамках гэтага эканамічнага саюза ўжо абмеркавалі. Ім хочацца ведаць, на якой пазіцыі знаходзіцца ўкраінскі прэзідэнт, і на якія варыянты, сцэнары і саступкі ён пайшоў бы пры пэўных сітуацыях.

Я не бачу зусім саступак, на якія мы маглі б пайсці, таму што мы іх ужо зрабілі. Мы зрабілі больш, чым маглі. Менскія саступкі - гэта наша прыніжэнне, таму што яны ні на дзень не ўсталявалі перамір'е. Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў афіцыйна заявіў, што Расея нічога не падпісвала, так што тут няма пра што гаварыць. Такім чынам, гэтыя дамоўленасці не маюць такой міжнароднай прававой сілы, якую яны павінны былі б мець, каб яны былі падпісаныя і ратыфікаваныя, як належыць маштабнаму дакументу ў такім важным пытанні, як тэрытарыяльная цэласнасць Украіны.

Я стаю на тым, што павінны сабрацца краіны - падпісанты Будапешцкага мемарандума і падвесці вынікі, выконваецца ці не тут галоўная стрыжнёвая лінія гэтага дакумента - забеспячэнне тэрытарыяльнай недатыкальнасці і суверэнітэт Украіны. Гэта павінна быць, і туды павінны прыехаць не паслы, а кіраўнікі дзяржаў, якія падпісвалі гэты дакумент. І тады можна будзе пра штосьці казаць. А ўсё астатняе - адцягванне развязкі.

На аснове Менскіх пагадненняў развязанне не адбудзецца. Гэта не той дакумент, ім можна маніпуляваць як заўгодна. Расея маніпулюе па-свойму, так званыя «ЛНР» і «ДНР» - па-свойму. Тыя ўжо заяўляюць, што яны ўвогуле не прыедуць, што яны хочуць сустракацца толькі з Парашэнкам, таму што яны ўжо такія вялікія і сур'ёзныя, што гатовыя як дзяржавы сустракацца з кіраўніком дзяржавы. Яны вар'яты гэтыя людзі. Калі мы ідзём з імі на сустрэчу і робім выгляд, што дамаўляемся, трэба разумець, што яны пагадненняў выконваць не будуць. Таму я стаўлюся да гэтага крытычна», - кажа ён.

Украінская ўлада павінна дзейнічаць больш асцярожна.

«Анэксія Крыма адбылася - мы праглынулі, хоць і заяўляем, што мы гэтага не прызнаем. Але факт застаецца фактам. Расея заяўляе, што там дзейнічаюць расейскія законы, расейская ўлада і ўсе там расейскае. У Стаўраполлі створаны савет па Данбасу. Што гэта за савет? Чаму ён створаны? Што, Данбас - расейская тэрыторыя? Раз яны стварылі свой савет, відавочна, на нешта разлічваюць. Што гэта за савет, мы не ведаем. Украіна павінна з ім мець зносіны? Тады мы відавочна зробім яшчэ адзін крок, згаджаючыся, што частка Данбаса ўжо адышла.

Мы павінны быць асцярожнымі. Я не хачу крытыкаваць нашу ўладу, ведаючы, як ёй цяжка, але думаю, што ў нас не ўсё працуе як след. Паўтараю: не ўсе працуе як след і ўнутры краіны, і з Еўропай, і з ЗША, і з Расеяй. Не ўсе працуе», - заключае Леанід Краўчук.

Фота: РІА «Новости»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках