26 красавiка 2024, Пятніца, 21:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэбэшнік з Луганска супраць Хартыі-97

114
Гэбэшнік з Луганска супраць Хартыі-97

16 гадоў рэжым змагаецца з нашым сайтам.

Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, які ўчора запатрабаваў поўнай блакіроўкі charter97.org у Беларусі, мой даўні «знаёмы». Упершыню я яго ўбачыла на допыце ў турме КДБ у студзені 2011 года. Тады Шуневіч узначальваў адно з упраўленняў Камітэта дзяржбяспекі, якое займаецца апазіцыяй.

Допытаў у турме КДБ, куды мяне кінулі паводле абвінавачвання ў арганізацыі акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў (караецца турэмным тэрмінам да 15 гадоў), у мяне было па тры-чатыры ў дзень. Але Шуневіч вызначыўся асабліва - дапытваў ноччу і без адваката, у кабінеце самога начальніка турмы. Было бачна, што чалавек ён важны, і нават сам начальнік СІЗА КДБ гатовы паслужліва саступіць яму сваё памяшканне.

Пытанні Шуневіч задаваў ідыёцкія, пытаў пра сувязі з еўрапейскімі і амерыканскімі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі - фабрыкаваў справу аб міжнароднай «змове» супраць Лукашэнкі.

У той час мяне ўжо нішто не магло шакаваць. Да арышту ў рэдакцыі сайта charter97.org прайшло некалькі ператрусаў, двойчы былі канфіскаваныя ўсе кампутары і тэхніка, двойчы мяне збілі - у пачатку падчас першага ператрусу, потым перад арыштам 19 снежня 2010. І самае страшнае - забілі майго сябра, заснавальніка «Хартыі-97» Алега Бябеніна. Нам абвясцілі вайну на знішчэнне.

Але мы выжылі, нягледзячы на ўсе намаганні Шуневіча і іншай гэбэшнай навалачы. Сайт аднавіў працу спачатку з Літвы, калі ўся рэдакцыя падпала пад рэпрэсіі, а потым прадоўжыла працу з Польшчы. Сёння нам дапамагаюць людзі, якія памятаюць, як змагалася «Салідарнасць» і «Саюдзіс» ў часы камуністычных дыктатур.

Мяне не здзівіла учорашняя заява Шуневіча па дзвюх прычынах.

Па-першае, я выдатна ўсведамляю сілу «Хартыі-97» і ведаю, як яе баяцца ўлады. Любая дыктатура ў першую чаргу баіцца непадкантрольнай, непадцэнзурнай інфармацыі. Вайна, абвешчаная нам шмат гадоў таму, не скончылася. Абмежаваны доступ, пастаянныя ддос-атакі, блакіроўкі падчас маштабных палітычных падзей, шантаж і ціск на валанцёраў charter97.org у Беларусі не ратуюць, і яны вырашылі паспрабаваць закрыць нас для ўсіх беларусаў.

Па-другое, пагугліце і даведайцеся, адкуль родам беларускі кіраўнік МУС. А ён нарадзіўся ў Луганскай вобласці. У вайне, развязанай Расеяй супраць нашых суседзяў, мы адстойваем тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Не думаю, што Шуневіч, які асабіста ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць дэмакратычнай апазіцыі, на баку кіраўніцтва краіны, якое прыйшло да ўлады ў выніку рэвалюцыі. Гэта верны служка свайго гаспадара Лукашэнкі.

Я прывыкла ва ўсім шукаць станоўчыя бакі. Дык вось, допыты і катаванні ў КДБ мелі адзін практычны сэнс. Стала зразумела, што ўвесь сілавы блок, які стаіць на варце інтарэсаў Лукашэнкі, абсалютна прарасейскі. І Шуневіча не можа не раздражняць праўда пра вайну ва Украіне. Ягоныя паплечнікі і сябры - афіцэры расейскай выведкі Барадай, Гіркін і Бес.

Характэрна таксама, што пагроза блакаваць незалежныя сайты паўстала на фоне так званай «лібералізацыі» ў Беларусі, абвешчанай палітыкамі і «экспертамі» з вельмі сумнеўнай рэпутацыяй. У найбольш крызісны перыяд для рэжыму Лукашэнкі, калі эканамічная сітуацыя швах і дыктатура тэрмінова мае патрэбу ў неадкладным фінансавым падсілкоўванні, заўсёды ўзнікаюць такія фігуры. Гэтыя лабісты Лукашэнкі пачынаюць лямантаваць на кожным куце аб «зніжэнні рэпрэсій» у Беларусі, «забываючы» пра забітых лідэраў апазіцыі, кінутых у турмы палітвязняў, фальсіфікацыі ўсіх выбарчых кампаній і закрыцці амаль усіх незалежных СМІ.

Асабіста я сутыкнулася з гэтым, калі забілі Алега Бябеніна, а для захавання ідыліі «дыялогу» Лукашэнкі з Еўропай, эксперты ад АБСЕ, запрошаныя адным заходнім дыпламатам, заявілі, што гэта самагубства. Што было потым вы ведаеце: масавыя арышты ў стылі 1937-га і катаванні палітвязняў.

Нас наважылі зачыніць пад выглядам барацьбы з наркотыкамі, хоць кожны ў Беларусі ведае, што наркапрытон ў Беларусі пад дахам тых жа самых органаў, якія закліканыя з імі змагацца. У спіс абмежаванага доступу сайт «Хартыі-97» патрапіў у 2011 годзе - падчас кампаніі за «маральнасць» у інтэрнэце.

Цяпер спрабуюць знішчыць апошнія парасткі свабоды слова ў Беларусі ў перыяд, калі намячаецца чарговае рабаванне народа пад выглядам дэвальвацыі рубля і напярэдадні чарговых псеўдавыбараў.

Сёння мы разлічваем на міжнародную і беларускую салідарнасць. Сайт «Хартыі-97» працаваў, працуе і будзе працаваць для Беларусі.

Наталля Радзіна, галоўны рэдактар charter97.org

Напісаць каментар 114

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках