2 траўня 2024, Чацвер, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскую школу ў Гародні спрабуюць абараніць ад русіфікацыі

12
Польскую школу ў Гародні спрабуюць абараніць ад русіфікацыі

Бацькі Гарадзенскай школы № 36 з польскай мовай навучання выступаюць супраць запланаваных уладамі зменаў у заканадаўстве.

Паводле змен польская мова ў школе можа застацца толькі як асобны прадмет, а ўсё астатняе навучанне будзе праводзіцца на адной з дзяржаўных моў - рускай ці беларускай. Пра гэта, бацькі заявілі прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Беларусі Ірыне Каржовай на сустрэчы ў Гародні, паведамляе «Радыё Свабода».

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі Беларусі спецыяльна прыехала ў Гародню, каб сустрэцца з бацькамі вучняў школы № 36 з польскай мовай навучання і адрэагаваць на іх ліст, у якім яны выступаюць супраць новага законапраекта аб адукацыі. На падставе змен у законе не толькі геаграфія, «Чалавек і свет», гісторыя будуць выкладацца на адной з дзяржаўных моў Беларусі, пералік гэтых прадметаў можа пашырыцца паводле рашэння мясцовых улад.

У школе № 36 сабралася поўная зала. Ірына Каржова адразу заявіла, што здзіўленая лістом, які атрымала ад бацькоў вучняў з Гародні, паколькі змены ў законапраект яшчэ толькі абмяркоўваюцца, а ў "палаце прадстаўнікоў" плануецца ў першым чытанні разгледзець яго не раней за другую палову 2015 года.

Яна выказала афіцыйную пазіцыю міністэрства, згодна з якой выпускнікі школ з навучаннем на мовах нацыянальных меншасцей (такіх у Беларусі чатыры: дзве - з польскай і дзве - з літоўскай мовай навучання) будуць здаваць экзамены на адной з дзяржаўных моў, а не так, як цяпер: да прыкладу, у школе № 36 матэматыку і іншыя прадметы выкладаюць і здаюць на польскай мове. Робіцца гэта, маўляў, для таго, каб усе вучні мелі роўныя магчымасці пры паступленні як у беларускія, так і ў польскія ВНУ.

Каржова дадала, што з такімі патрабаваннямі ў міністэрства звяртаюцца бацькі дзяцей, якія навучаюцца ў гэтых школах. Паводле яе слоў, дзяржава хоча, каб вучні ведалі дзве дзяржаўныя мовы, навучаліся па ўсіх прадметах згодна з зацверджанымі праграмамі і ў той жа час вывучалі родную мову і культуру.

Яна таксама запэўніла бацькоў, што да прыняцця змен у заканадаўства выпускныя класы будуць здаваць экзамены паводле ранейшай праграмы, але на будучыню параіла, каб дзеці былі гатовыя самастойна вывучаць матэматыку і іншыя прадметы па-польску, калі яны збіраюцца вучыцца ў польскіх навучальных установах.

Бацькі ў сваю чаргу аргументавалі сваю пазіцыю тым, што пішуць заявы і аддаюць дзяцей менавіта ў школы з польскай мовай навучання з першага класа і гэта ім гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. З першага класа дзеці вывучаюць матэматыку, а ў далейшым і іншыя прадметы - фізіку, хімію і г.д. на польскай мове і не ўяўляюць сабе, як гэта можна, скажам, у 6 ці 7 класе замяніць мову навучання. І ўвогуле пыталі - навошта гэта рабіць?

Многія абураліся тым, што за 18 гадоў існавання школы дзеці і далей вывучаюць матэматыку і іншыя тэхнічныя прадметы па падручніках на рускай мове. І міністэрства за гэты час нічога не зрабіла, каб перавесці рускамоўныя падручнікі на польскую мову. У рэшце рэшт, многія абураліся тым, што міністэрства падрыхтавала новыя змены, але меркаваннем бацькоў ніхто не пацікавіўся. Многія заяўлялі, што падобныя змяненні накіраваныя на тое, каб скасаваць польскамоўнае навучанне.

Дарэчы, сярод бацькоў выступалі і тыя, хто казаў, што яны не палякі, а беларусы, і прасілі не ламаць традыцыю, якая склалася ў гэтай школе, паколькі падобнай атмасферы і аўры няма ні ў адной іншай гарадзенскай школы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках