30 красавiка 2024, aўторак, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыя ў Казахстане: новая пагроза для беларускага рубля

11
Дэвальвацыя ў Казахстане: новая пагроза для беларускага рубля

Як выглядаюць бліжэйшыя перспектывы беларускага рубля ў святле дэвальвацыі ў Казахстане, Расеі і Украіне?

Нацбанк Казахстана пайшоў на непапулярную меру, якой беларускі ўрад баіцца як агню: з 11 лютага адмовіўся ад падтрымання абменнага курсу тэнге. Прасцей кажучы, зрабіў дэвальвацыю, каб не дапусціць дэстабілізацыі фінансавага рынку і эканомікі ў цэлым.

Падобныя сімптомы можна назіраць і ў бліжэйшых суседзяў па СНД і Мытным саюзе: расейскі рубель і ўкраінская грыўна ў апошні час зніжаюцца ў адносінах да даляра. Пра тое, як адаб'ецца на беларускай эканоміцы дэвальвацыя ў згаданых краінах, і да чаго можа прывесці тактыка стрымлівання курсу нацыянальнай валюты «Салідарнасць» пацікавілася ў экспертаў.

«Той факт, што дэвальвуе наш партнёр па Мытным саюзе, можа мець інфармацыйны эфект, дэмаралізаваць»

- Дэвальвацыя тэнге для Беларусі носіць хутчэй інфармацыйны, чым эканамічны эфект, - лічыць навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC Зміцер Крук. - У нас з Казахстанам нязначныя аб'ёмы гандлю і наогул маштабы эканамічнага ўзаемадзеяння. Але той факт, што дэвальвуе наш партнёр па Мытным саюзе, можа мець інфармацыйны эфект, дэмаралізаваць. Асабліва на фоне падобных працэсаў ва Украіне і Расеі.

Эканаміст звяртае ўвагу на больш верагодныя наступствы плыўнай дэвальвацыі расейскага рубля для беларускай эканомікі.

- Ключавым момантам у сітуацыі, якая склалася, з'яўляюцца паводзіны Цэнтрабанка Расеі, - працягвае суразмоўца. - Нягледзячы на тое, што зараз расейскі рубель устойліва абясцэньваецца, Цэнтрабанк Расеі заяўляе, што гэта кароткатэрміновы працэс, і падобная тэндэнцыя хутка спыніцца.

Зміцер Крук бачыць асноўную праблему ў тым, што беларускі рубель даражэе ў адносінах да расейскага і становіцца неканкурэнтаздольным на расейскім жа рынку.

- Мы падтрымліваем парытэт беларускага рубля да даляра на фоне патаннення расейскай валюты. Падобная сітуацыя складвалася ў другой палове 2008 года і прывяла да пагаршэння пазіцый беларускіх тавараў на расейскіх рынках. Калі тэндэнцыя абясцэньвання расейскага рубля будзе працягвацца, то Нацбанку Беларусі давядзецца рэагаваць: аслабляць курс і спрабаваць захаваць парытэт, - адзначае эксперт.

«Гэтая тэндэнцыя аднолькава характэрная для эканомік краін-удзельніц Мытнага саюза»

- Тыя дэвальвацыі, якія пракаціліся па Расеі, Казахстану, Украіне і Беларусі падобныя. Асабліва гэта тычыцца Беларусі і Украіны, - звяртае ўвагу доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жэліба. - Валюта нашых краін пераацэненая. Мы падтрымліваем плаўную дэвальвацыю за кошт золатавалютных рэзерваў. Гэта няправільна. Падобная сітуацыя адбываецца ва Украіне і Казахстане.

Эканаміст адзначае, што стрымліванне дэвальвацыі ў Расеі адрозніваецца ад беларускага за кошт вялікіх аб'ёмаў стабілізацыйных фондаў і гандлю энергарэсурсамі.

- Цэнтрабанк Расеі быў вымушаны зрабіць інтэрвенцыю для стабілізацыі рубля і ўкінуў 2 мільярда даляраў. Неймаверныя сумы для Беларусі, але і расейскія маштабы нашмат больш. Іх рэзервовы фонд звыш 500 мільярдаў даляраў, - канстатуе суразмоўца.

Барыс Жэліба адзначае, што, нягледзячы на вялікія памеры расейскіх рэзерваў, сам факт падобнай падтрымкі нацыянальнай валюты сведчыць пра сур'ёзныя праблемы ў эканоміцы.

- Такія сігналы ў выглядзе дэвальвацыі сведчаць аб стагнацыі і застоі ў эканоміцы. ВУП не расце, няважныя справы ў экспарце, - працягвае эканаміст. - І гэтая тэндэнцыя аднолькава характэрная для эканомік краін-удзельніц Мытнага саюза. Ёсць над чым задумацца.

Калі для Казахстана і Расеі такія працэсы, хутчэй лакальнае завіхрэнне, то беларускім і ўкраінскім эканамістам варта ўсур'ёз задумацца аб стрымліванні пазіцый нацыянальных валют за кошт скарачэння золатавалютных рэзерваў. Можа, варта паскорыць дэвальвацыю, каб яе рубель устанавіўся ў раўнаважкіх суадносінах на біржы. Зразумела, што ўлады баяцца адтоку рублёвых укладаў ужо пры першых сімптомах дэвальвацыі, але пераацэнка нацыянальнай валюты можа стаць больш глабальнай праблемай, чым адток рублёвых укладаў з банкаў ужо ў самай блізкай перспектыве.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках