30 красавiка 2024, aўторак, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У жыхара Пружанаў «скралі» танк

50
У жыхара Пружанаў «скралі» танк

На Брэстчыне распачалі крымінальную справу за крадзеж віртуальнага танка.

У органы ўнутраных спраў звярнуўся 30-гадовы жыхар Пружанаў. Ён паведаміў, што 7 студзеня каля 2 гадзін ночы выявіў, што не можа трапіць у свой акаўнт на папулярнай гульні «World of Tanks». Мужчына растлумачыў, што для куплі (мадэрнізацыі) свайго «танка ІС-8» ён выдаткаваў не толькі шмат намаганняў у ходзе віртуальных баёў, але і кругленькую суму - больш за мільён дзвесце тысяч беларускіх рублёў, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Супрацоўнікі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Брэсцкага аблвыканкама звязаліся з распрацоўшчыкамі гульні. Дзякуючы гэтаму ўдалося ўстанавіць, што дадзены «танк» працягвае «змагацца», праўда, кіруюць ім ужо не з Пружанаў, а з Маскоўскай вобласці Расеі. Акаўнт «згоншчыка» быў заблакаваны, і цяпер «танк» чакае вяртання законнаму ўладальніку.

Супрацоўнікі міліцыі таксама ўстанавілі, што гаспадар «танка» занядбаў пытаннямі бяспекі сваіх уліковых дадзеных. Зламысніку ўдалося атрымаць доступ да ўліковага гульнявога запісу, папярэдне ажыццявіўшы несанкцыянаваны доступ да электроннай паштовай скрыні жыхара Пружанаў, да якога дадзены ўліковы запіс быў прывязаны. А пароль ад пошты быў вельмі простым і складаўся з камбінацыі лічбаў па парадку.

- Пружанскім РАСК узбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), - распавёў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Галодка. - У вобласці гэта ўжо трэці факт «згону» віртуальнага танка за апошнія два гады. Ва ўсіх выпадках распрацоўшчыкамі гульні «танкі» былі вернутыя ўладальнікам. А вось крымінальная справа была ўзбуджаная ўпершыню.

Дадзены артыкул Крымінальнага Кодэкса прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або арышту на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін. Аналагічны артыкул маецца і ў КК РФ. А, значыць, цалкам магчыма, што віртуальным згоншчыкам цяпер зацікавяцца расейскія праваахоўнікі.

- Напэўна, дадзены факт выклікае ў многіх усмешку, - адзначае Андрэй Галодка. - Але, на жаль, факты, калі ў грамадзян узломваюць электронную пошту, даведваюцца адтуль паролі да анкет ў сацыяльных сетках, ад электронных кашалькоў, ды і ў рэшце рэшт, проста чытаюць асабістую перапіску, рэгіструюцца ўсё часцей. З гэтага вынікае, што Інтэрнэт-карыстальнікам неабходна быць больш уважлівымі, не грэбаваць бяспекай сваіх уліковых дадзеных, каб не трапляць у непрыемныя сітуацыі.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках