4 траўня 2024, Субота, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура ФРГ узялася за актывы набліжанага да Януковіча алігарха

Пракуратура ФРГ узялася за актывы набліжанага да Януковіча алігарха

Сяргея Курчанку, якога звязваюць з сям'ёй экс-прэзідэнта Украіны, падазраюць у адмыванні грошай.

У Германіі вядзецца расследаванне па падазрэнні ў адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў у сувязі з актывамі, набытымі, па папярэдняй інфармацыі, украінскім мільярдэрам, піша Deutsche Welle.

Следства вядзе пракуратура горада Гера, на ўсходзе Германіі, на падставе заявы аб падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, якая паступіла ў Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі, паведамілі выданню ў прэс-службе пракуратуры.

Гаворка ідзе пра дзейнасць кампаній Sparschwein Gas GmbH і Sparschwein Gas Handels GmbH & Co.KG. Гэтыя кампаніі кіруюць у Германіі сеткай са 170 заправак, якія гандлююць звадкаваным газам для аўтамабіляў.

"Заява аб падазрэнні ў адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў паступіла яшчэ ў лістападзе мінулага года ад грамадзяніна Украіны", - адказалі ў пракуратуры горада Гера на запыт аб дзейнасці гэтых кампаній. Менавіта ў акрузе Гера зарэгістраваная кампаніі Sparschwein.

Як адзначае выданне, запраўкі Sparschwein уваходзяць у групу ВЕТЭК, старшынёй назіральнага савета якой з'яўляецца Сяргей Курчанка. Яшчэ некалькі месяцаў таму ў групе пацвердзілі куплю сеткі заправак у Германіі.

"У Германіі ў групу кампаній ВЕТЭК увойдзе сетка АГЗС пад брэндам Sparschwein, якая сёння аб'ядноўвае 170 станцый", - паведамілі ў прэс-службе групы. Такім чынам рэдакцыя атрымала афіцыйнае пацверджанне паведамленняў шэрагу ўкраінскіх СМІ аб куплі Сяргеем Курчанкам сеткі заправак у Германіі. Цяпер, калі пасля змены ўлады ў Кіеве ўкраінскія праваахоўныя органы заявілі аб выкарыстанні структур, падкантрольных Курчанку, у злачынных схемах, у нямецкіх праваахоўнікаў з'явіліся ўсе падставы для падазрэння ў адмыванні грошай. Курчанка набыў Sparschwein у снежні 2012 года.

Нагадаем, раней МУС адкрыла 11 крымінальных спраў супраць ВЕТЭК. Як заяўляў кіраўнік міністэрства Арсэн Авакаў, у прыватнасці, была раскрытая незаконная схема ўвозу нафтапрадуктаў ва Украіну. 4 кампаніі групы (Знештрансгаз, Петрал, Петрал-Форвардзінг і Армада-Плюс) на працягу апошніх двух гадоў без мытнага афармлення і выплаты падаткаў завезлі нафтапрадуктаў на суму 25 млрд.грн. Па падробленых дакументах гэтыя нафтапрадукты перапрадавалі легальным аператарам. Потым яны перапрацоўваліся і рээкспартаваліся назад. У агульнай колькасці, па падліках Авакава, ад такіх дзеянняў бюджэт страціў каля 7 млрд.грн. падаткаў. Сам Курчанка абвешчаны ў міжнародны вышук.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках