4 траўня 2024, Субота, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ford спыняе канвеер і звальняе супрацоўнікаў у Расеі

32
Ford спыняе канвеер і звальняе супрацоўнікаў у Расеі

На заводзе ў Ленінградскай вобласці кампанія скароціць блізу 700 чалавек.

Ford Sollers спыніць вытворчасць на сваім заводзе ва Усеваложску амаль на два месяцы - з 9 да 15 красавіка і з 21 красавіка да 8 чэрвеня 2014 года, паведаміў РБК прадстаўнік супольнага прадпрыемства.

Пасля гэтага ўсе заводы кампаніі, у тым ліку прадпрыемствы ў Набярэжных Чаўнах і Елабузе, пяройдуць з двух-трохзменнага рэжыму на адназменны. На ўсеваложскім заводзе Ford Sollers звальненні закрануць траціну персаналу - блізу 700 чалавек, распавёў ён.

Работнікам, якія патрапяць пад скарачэнне, выплацяць кампэнсацыі, сума якіх цяпер абмяркоўваецца з прафзвязам, а на час прыпынення вытворчасці ва Усеваложску, паводле заканадаўства, супрацоўнікам захаваюць 2/3 ад заробку, удакладніў прадстаўнік Ford Sollers. На заводах у Татарстане звальненняў не будзе, супрацоўнікі будуць проста «пераразмеркаваныя» паміж двума прадпрыемствамі, удакладняе прадстаўнік аўтавытворцы. Наколькі знізіцца аб'ём вытворчасці, ён не ўдакладніў. Скарэктаваны будзе і аб'ём вырабу прадукцыі на заводах у Татарстане.

У верасні 2013 года Ford Sollers ужо прыпыняў вытворчасць ва Усеваложску. Тады прадпрыемства спыняла працу агулам на 20 дзён, а з 9 верасня 2013 года завод перайшоў з трох працоўных змен на дзве. У выніку былі звольненыя блізу 400 супрацоўнікаў.

Жорсткія захады ў кампаніі называюць «змушанымі» і тлумачаць «сур'ёзнымі зменамі эканамічнай сітуацыі ў Расеі - дэвальвацыяй рубля, значным падзеннем попыту на аўтамабілі С-сэгменту». «Мы выказваем шкадаванне, што кампанія вымушаная скарачаць персанал, аднак гэтыя захады патрэбныя для забеспячэння актыўнага развіцця кампаніі ў такіх варунках, - сказаў прэзідэнт CEO Ford Sollers Тэд Каніс. - Паслабленне рубля робіць дадатковы негатыўны ўплыў на дзейнасць кампаніі. Карэкцыя вытворчых планаў пад бягучую рынкавую сітуацыю, а таксама своечасовае запусканне новых прадуктаў дапамогуць нам змінімізаваць уплыў неспрыяльных эканамічных чыннікаў на наш бізнэс».

Паводле звестак Асацыяцыі еўрапейскага бізнэсу (АЕБ), за першыя два месяцы 2014 года продажы Ford у Расеі зменшыліся на 21% - да 10,5 тысяч аўтамабіляў у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Пры гэтым попыт на самую прадаваную мадэль - Ford Focus, якая вырабляецца ва Усеваложску, - скараціўся ўдвая. За год Focus спусціўся з 8-га да 17-га радка рэйтынгу АЕБ самых папулярных самаходаў, страціўшы ў продажах 41%.

Кошт аўтамабіля Ford у Расеі «завышаны», мяркуе незалежны аўтаэкспэрт Міхаіл Шэвялькоў, які займаў да нядаўняга часу пасаду дырэктара продажаў аднаго з найбуйнейшых дылераў Ford - Alarm Motors. Са слоў Шэвялькова, на продажы аўтамабіляў негатыўна ўплывае і адсутнасць новага мадэльнага шэрагу. «Focus трэцяга пакалення вырабляецца ўжо трэці год запар, прыхільнікі маркі Ford чакаюць новы Mondeo, які ўжо прадаецца і ў Амэрыцы, і ў Кітаі. Людзі не чакаюць і купляюць іншыя падобныя аўтамабілі», - разважае экспэрт.

Завод у Ленінградскай вобласці працягне падрыхтоўку да запускання новых Mondeo і Focus, прызначаны на 2015 год, сцвярджае прадстаўнік Ford Sollers. Кошт аўтамабіля Focus III складае ад 600 тысяч да 800 тысяч рублёў, у залежнасці ад камплектацыі.

Прыпыняюць вытворчасць і іншыя аўтавытворцы. Так, у пачатку гэтага тыдня АўтаВАЗ паведаміў аб прыпыненні канвеера з 17 да 30 красавіка. У гэтыя дні спыніць працу зборачна-кодабная вытворчасць на платформе Kalina (вырабляе Lаda Kalina і Lada Granta), з 21 да 30 красавіка будзе спынены выраб Lada Priora, а з 23 да 30 красавіка спыніцца доследна-прамысловая вытворчасць. Як адзначыў прадстаўнік кампаніі, графік працы вытворчасцяў у красавіку прыняты ў сувязі з «аптымізацыяй запасаў таварных аўтамабіляў на складах і ў дылерскай сетцы».

Nissan таксама пераводзіць свой завод у Санкт-Пецярбургу з 1 красавіка на дзвюхзменны графік працы з трохзменнага, сказаў старшыня першаснай прафзвязавай арганізацыі завода Яўгеній Паўлоўскі. Паводле ягоных слоў, захады будзе дзейнічаць да канца года. У 2014 годзе плануецца скараціць выраб аўтамабіляў на 15 тысяч адзінак - да 135 тысяч самаходаў - і на заводзе Volkswagen у Калузе, адзначае кіраўнік заводскога прафзвязу Дзмітрый Трудавой. УАЗ працуе ў рэжыме няпоўнага працоўнага часу - пяць дзён на тыдзень па дзве змены - з лютага да траўня, распавёў прадстаўнік кампаніі.

Фота: vedomosti.ru

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках