5 траўня 2024, Нядзеля, 10:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перадсмяротную запіску загінулага пад Гародняй маёра засакрэцілі

24
Перадсмяротную запіску загінулага пад Гародняй маёра засакрэцілі

Родным афіцэра так і не паказалі яго перадсмяротную запіску.

Амаль два тыдні мінула з трагічнага выпадку, калі малады міліцыянт стрэліў сабе ў галаву падчас планавых стрэльбаў. Перад смерцю ён выслаў паведамленне жонцы, піша «Блог Гародні».

Маці загінулага афіцэра Ірына Аляксееўна распавяла, што напярэдадні нічога не прадвяшчала трагедыі. Яшчэ ў чацвер Андрэй прапанаваў жонцы Алене пайсці разам з дачкой Карынай у суботу «на марозіва». Зусім хутка дзяўчынцы споўніцца пяць гадоў. А ў пятніцу Андрэй, як звычайна, пайшоў на працу. Адзінае: з раніцы яму патэлефанавалі і паведамілі, што здарыўся нейкі выпадак. Але ў працы міліцыянта гэта не рэдкасць. Са слоў мамы, хто бачыў яго па дарозе на працу, адзначалі, што ён паводзіў сябе як заўсёды, быў у нармальным настроі, толькі вельмі спяшаўся. А пасля 11 раніцы родным патэлефанавалі з трагічнай весткай, піша «Вячэрняя Гародня».

Вядома, што падчас планавых стрэльбаў Андрэй пайшоў страляць апошнім. Звычайна ж усе хочуць «адстраляцца» як мага раней. Сябры мяркуюць, што ён да апошняга прымаў рашэнне. У выніку Андрэй заняў не прызначаную для яго пазіцыю, а выбраў месца, адкуль не мог нікому нашкодзіць, акрамя сябе. Злева ад яго знаходзілася толькі сцяна. Першы стрэл міліцыянт зрабіў па мішэні, а другі - сабе ў галаву.

Мама распавяла, што яе сын адправіў жонцы паведамленне: «Прабач за ўсё. Пацалунак ад мяне Карыначцы». На жаль, Алена ўбачыла яго ўжо пасля трагедыі. Спачатку яна вырашыла, што СМС выслаў нехта іншы. Але потым паверыла, што аўтарам быў менавіта муж, бо Карыначкай дачку называў толькі ён. Алена цяжка перажывае страту мужа. Цяпер яна з'ехала да бацькоў у іншую вобласць, пагаварыць з ёй не ўдалося.

Бацькі кажуць, што Андрэй пакінуў на працы перадсмяротную запіску. Але родным яе не паказалі і змест пакуль не раскрываюць.

Мама думае, што Андрэй здзейсніў самагубства на працоўным месцы, каб нешта даказаць. Бо калі б ён проста задумаў сысці з жыцця, то мог выбраць любы іншы спосаб альбо зрабіць гэта ў іншай абстаноўцы, на службе ён меў доступ да зброі. Праўда, раней Андрэй пазбягаў дэманстратыўных пратэстаў, ды і наогул любых канфліктаў.

Загінулы маёр у апошнія тыдні шмат ездзіў у камандзіроўкі, вяртаўся дадому позна, працаваў і на выходных. «Ён быў вельмі адказным. Калі трэба справаздачу напісаць, то ён вечарам заставаўся на працы, каб здаць яе своечасова», - распавядае Ірына Аляксееўна. А апошнім часам Андрэй стаў скардзіцца, што стала цяжка працаваць. Тры месяцы таму ён перайшоў з Кастрычніцкага РАУС у адно з падраздзяленняў УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

І ўсё ж такі мама не можа зразумець і прыняць выбар сына.

- Гэта як трэба было чалавека давесці, каб ён забыўся пра ўсё. Бо ён вельмі любіў дачку! Нават часам з ёй больш займаўся, чым жонка, - здзіўляецца Ірына Аляксееўна.

Пры гэтым Андрэй ніколі не казаў пра сваё жаданне сысці з міліцыі, дзе прапрацаваў шмат гадоў. Паступленне Андрэя ў Магілёўскую школу міліцыі было свядомым, паколькі ён наважыў пайсці па слядах бацькі і дзядулі. І пасля заканчэння школы міліцыі, працуючы ўчастковым інспектарам, старшым участковым інспектарам, нягледзячы на ўсе складанасці, стараўся ўсё рабіць добра і якасна.

- Ён быў вельмі добрым, шустрым, таварыскім, «жудасным гаваруном», - кажа маці. - Не курыў і практычна не выпіваў. Цікавіўся шмат чым акрамя працы - гісторыяй, прыродай, вайсковай справай. Ён мог бы стаць добрым выкладчыкам гісторыі. Андрэй вельмі любіў гуляць з усімі дзецьмі ў двары. Так што нават дачка раўнавала і ўсім тлумачыла: «Гэта мой тата!»

Бабуля маладога чалавека Лідзія Сямёнаўна не можа гаварыць аб унуку без слёз.

«Ён - золата, светлы чалавек, як сонейка. «Бабулечка» - толькі так ён мяне і называў і ніяк па-іншаму. Ён нікому ніколі не адмаўляў. Для нас яго смерць як гром сярод яснага неба», - плача Лідзія Сямёнаўна.

У сям'і ўсё было добра, жылі дружна. Бабуля мяркуе, што Андрэй не вытрымаў з-за працы: «У яго не было ні выходных, ні прахадных, а чалавекам ён быў успрымальным, усё прымаў блізка да сэрца».

Кіраўнік загінулага міліцыянта, які папрасіў не называць яго, змог ахарактарызаваць Андрэя толькі станоўча, як дысцыплінаванага, добрасумленнага ў працы. Заўваг да падначаленага ў яго не было. Яшчэ адзін былы кіраўнік выказаўся пра яго коратка: «Ён быў нармальным хлопцам, без прыбамбасаў».

Сябры і знаёмыя да гэтага часу не могуць паверыць у смерць маладога чалавека. Яны выказваюцца аб ім у інтэрнэце як аб жыццярадасным, справядлівым, сумленным чалавеку, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу нават нягледзячы на ўласныя інтарэсы.

Апошні статус на старонцы Андрэя ў сацыяльнай сеткі таксама пазітыўны: «Я люблю цябе, жыццё!»

Ёсць меркаванне, што калі б Андрэй мог выгаварыцца і атрымаць падтрымку сяброў, то трагедыі б не адбылося. Але адзін з яго прыяцеляў у каментары абвяргае такі пункт гледжання. Ён згадвае, што за тыдзень да трагедыі бачыўся з Андрэем, тады той усміхаўся і жартаваў, і нельга было западозрыць нешта нядобрае.

Мама міліцыянта кажа, што ў яго было шмат прыяцеляў. А вось лепшыя сябры пераехалі, так што сустракаліся яны радзей і мелі стасункі пераважна з дапамогай інтэрнэту.

- На пахаванне прыйшло вельмі шмат людзей. Ніхто не мог паверыць у тое, што здарылася: «Хто заўгодна, толькі не Андрэй!». Але ў асноўным усе стаялі моўчкі, так усім было цяжка, - успамінае Ірына Аляксееўна.

Загінуламу афіцэру было 32 гады. 28 сакавіка ў час вучэбна-метадычнага збору для афіцэраў старэйшага кіруючага складу ў ведамасным ціры пры здачы заліку па стральбе ён выстраліў з пісталета сабе ў галаву. У яго засталіся жонка, маленькая дачка, бацькі, сястра, бабулі і дзядуля.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках