8 траўня 2024, Серада, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Украінцы - маяк надзеі для беларусаў

32
Станіслаў Шушкевіч: Украінцы - маяк надзеі для беларусаў

Украіна і Беларусь пераадолеюць цяжкасці і стануць часткай ЕЗ.

Адзін з трох лідараў, якія падпісалі ў Белавежскай пушчы гістарычнае пагадненне, якое пахавала Савецкі Саюз, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч падзяліўся з gordonua.com сваімі перажываннямі пра лёс Украіны.

«Сэрца маё за Украіну не проста баліць - цалкам натуральна шчыміць і ные, - распавядае Станіслаў Шушкевіч, - таму што ваша краіна ў жудасным становішчы апынулася, у тэатры абсурду, дзе жахлівая роля ёй адведзеная. Не ведаю, адкуль у нашым вялікім усходнім «старэйшым браце», дакладней, у правадыры гэтай краіны столькі дзікасці, нахабства і цынізму. Гэта ж трэба стварыць такое - улезці на чужую тэрыторыю, абсалютна бандыцкімі метадамі дзейнічаць там, ды яшчэ і ўмовы нейкія дыктаваць, як Украіне жыць трэба: нечуваная, нечалавечая дзёрзкасць! Таго, што робіць Пуцін, ні адзін нармальны, годны палітык сабе ніколі не дазволіў бы, і не дарма яго Адольфам Путлерам завуць: занадта ўжо шмат агульнага - столькі, што не заўважыць нельга...

Увесь жах вашага становішча ў тым, што Расея побач, яна нікуды не дзенецца і ніхто вам дапамагчы не зможа, таму што толькі Расея ў сучасным свеце на крывавыя дзеянні здольная - больш ніхто. Пуцін ведае гэта і гэтым карыстаецца, ён у сваёй беспакаранасці ўпэўнены, таму што толькі сіла і кроў можа яго ўтрымаць, а праявіць гэтую сілу няма каму. Не ведаю, што ён будзе з Крымам рабіць, паквапіцца на мацерыковую Украіну ці ж супакоіцца, і ад прагнозаў устрымаюся - абсалютна дакладна вядома мне толькі адно: ад бандытаў чакаць можна чаго заўгодна, і яны зробяць усё, каб перашкодзіць вашай дзяржаве развівацца і еўрапейскага шляху прытрымлівацца, таму толькі мудрасць украінскіх палітыкаў і іх здольнасць хутка на змены сітуацыі рэагаваць і пастак расстаўленых пазбягаць вам дапаможа».

Станіслаў Шушкевіч пажадаў мудрасці і вытрымкі новым украінскім уладам.

«Я, увогуле, з прэм'ерам Арсеніем Яцанюком крыху знаёмы, да таго ж мой сябар Вячаслаў Брухавецкі, ганаровы прэзідэнт Кіева-Магілянскай акадэміі, шмат добрага пра яго распавядаў. Жадаю яму поспеху: гэта прафесійны малады палітык, і ў эканоміцы, і ў юрыдычных пытаннях дасведчаны і і дай Бог яму мудрасці і вытрымкі, каб у барацьбе за Украіну выстаяць. З Турчынавым асабіста не знаёмы, але бачу, што гэта рашучы чалавек: у мяне на яго таксама вялікая надзея, а Клічко ў Вільні слухаў, калі саміт Усходняга партнёрства ЕЗ праходзіў - той самы, пасля якога ў вас рэвалюцыя пачалася, і захапляўся: гэта, напэўна, адзіны ў свеце баксёр, прытым найвышэйшага ўзроўню, які вельмі і вельмі граматны палітычна», - заявіў ён.

Палітык нагадаў пра наступствы разгону Плошчы ў Менску 19 снежня 2010 года.

«Процьма народу вымушаная была Беларусь пакінуць, каб проста ў жывых застацца

Для нас, беларусаў, вы - маяк надзеі. Сёння мала хто кажа пра тое, што 19 снежня 2010 года на праспект Незалежнасці ў аднамільённым Менску не менш людзей, чым на Майдан ў афіцыйна трохмільённым Кіеве, выйшла, але наша ўлада дзейнічала вельмі жорстка: з усіх абласных цэнтраў у сталіцу АМАП сцягнулі, байцы якога мірных мітынгоўцаў па-зверску збівалі, свядома калечылі, ныркі ім адбівалі...

Процьма народу вымушаная была Беларусь пакінуць, каб проста ў жывых застацца, таму што правадыр нашай краіны абсалютна бандыцкімі метадамі «наводзіў парадак» - усе меры прымаў, каб «аранжавая рэвалюцыя» ў Менску ні ў якім разе не паўтарылася.

Пасля расправы той мала каму верыцца, што галовы мы яшчэ раз падымем, але ж і ў вас, лічы, не верыў ніхто, і тыя, хто з ганьбай уцякалі з Украіны ў 2014-м, наўрад ці маглі ўявіць, што 2004-ы паўторыцца зноў, толькі ў куды большым маштабе, і што за гэтыя 10 гадоў вы зразумееце: лепш рызыкаваць і нават гінуць, чым моўчкі трываць», - сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Палітык адзначыў, што ўкраінцы не ў першы раз паказваюць прыклад беларусам.

«Я веру ў вас і ў нас - мы заўсёды ішлі за вамі. Успомніце: спачатку ў вас з'явіўся Шаўчэнка, затым у нас - Якуб Колас і Янка Купала, лідары-светачы, якія кансалідавалі нацыю, перш вы сказалі, што прэзідэнт, навязаны папярэднікам, вам не патрэбны, і супраць фальсіфікацыі выбараў паўсталі, а потым пайсці супраць нашых фармальных выбараў, зыход якіх загадзя прадвызначаны, адважыліся мы.

Так, пратэст наш прыбілі і прыціснулі, але ён хіба апошні? Вас больш, нас значна менш, і знішчалі нас з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі так актыўна, што колькасць ахвяраў для насельніцтва Беларусі надзвычай вялікая. Бяда наша ў тым, што цяпер у нас 1560 кіламетраў адкрытай мяжы з Расеяй і антыбеларус, здраднік народа, на чале, які трымаецца ва ўладзе толькі дзякуючы таму, што Расеі ён выгадны, але верыць толькі ў лепшае трэба: здолееце адарвацца ад прагных і крыважэрных суседзяў вы - здолеем і мы.

Украіна і Беларусь рана ці позна ўсе цяжкасці пераадолеюць і ў Еўропу прыйдуць, і не трэба слухаць тых, хто кажа: маўляў, беларусам і з Лукашэнкам добра, ні ў які Еўразвяз яны не хочуць, сядзяць пад замком - і добра. Не настолькі мы цёмныя, прарасейскія і задаволеныя жыццём, як прапагандысцкія СМІ нас малююць! - на самой справе свядомых і патрыятычных людзей, якія думаюць сапраўды гэтак жа, як я, у нашай краіне шмат, проста яны вымушаныя маўчаць, таму што залежныя», - заявіў ён.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі растлумачыў, чаму назваў «казлом» пастаяннага прадстаўніка Расеі ў ААН.

«Пра што я мару? Каб вы поспеху дамагліся - гэта перш за ўсё. Я, напэўна, ужо проста абавязаны пра гэта марыць, таму што, як вы, вядома ж, чулі, Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Чуркін мяне ва ўкраінскія нацыяналісты запісаў, Шушкевіча паблытаў з Шухевічам, - ад лішку адукацыі, напэўна. Я яго потым казлом назваў, у інтэрв'ю адным, а ён, гляджу, да гэтага часу не скардзіцца і не спрачаецца: відаць, казёл ён і ёсць...

Я на Майдан ваш яшчэ вельмі хацеў трапіць: паглядзець на свае вочы і на Крэшчацік, і на іншыя вуліцы, засланыя жывымі кветкамі ў памяць пра тых, хто будзе жыць вечна, на раскурочаны брук і Дом прафсаюзаў, які гарэў, на ўсё тое, што нагадвае пра ваш подзвіг, а таксама імкненне зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб абараніць свой народ і законныя яго правы адстаяць. Хацеў з неверагодным Дзмітрыем Гардонам яшчэ раз пабачыцца, але аднаго майго жадання аказалася мала: праблемы са здароўем узніклі, на аперацыю лёг, і паездку ў Кіеў прыйшлося адкласці, таму да лепшых часоў, якія абавязкова настануць», - заявіў Станіслаў Шушкевіч.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках