2 траўня 2024, Чацвер, 1:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У метро з'явіліся металадэтэктары і рэнтген-сканары

7

Апарат, больш звыклы для праверкі багажу ў аэрапорце, асталяваўся на станцыях менскай падземкі.

Побач з ім - рамка металадэтэктара, праз якую работнiк метро можа выбарачна праводзіць пасажыраў, піша «Салiдарнасць».

- Не хачу прапускаць свой заплечнік праз рэнтген, у мяне там ноўтбук і карты памяці, я не хачу пашкодзіць інфармацыю на іх, - адмаўляецца малады хлопец са звычайным на выгляд заплечнікам сярэдніх памераў, нягледзячы на ўгаворванні работніка метрапалітэна. - Хочаце, даглядайце так, я магу ўсё вам паказаць.

Нягледзячы на ўгаворы дзяжурнага каля рэнтген-сканара, пасажыр адмаўляецца запускаць свой багаж у сканар. Спрэчка сканчаецца звычайным даглядам заплечніка.

- Так мы будзем да ночы сумкі даглядаць, - каментуе дзяжурная ў будцы у турнікетаў на станцыі метро «Трактарны завод».

На пытанне, адкуль у метро з'явіліся сканары і металадэтэктары, работнік метро неахвотна адказвае, што апаратуру пачалі ўсталёўваць каля двух тыдняў таму, напярэдадні надыходзячага чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

- Ужо ёсць на Кастрычніцкай, у нас, на Грушаўцы, Нямізе. Ды шмат дзе, - разгаварыўся мужчына. - Будзем выбарачна даглядаць тых, хто выклікае падазрэнне.

Па словах дзяжурнага, сканары застануцца ў метро і пасля чэмпіянату.

Паток пасажыраў павялічваецца і суразмоўца пачынае «сканаваць» натоўп поглядам, шукаючы патэнцыйных кандыдатаў на «рэнтген».

На рамцы металашукальніка вісіць аб'ява аб тым, што работнікі метро маюць права ажыццяўляць выбарачную праверку ручной паклажы пасажыраў. Тут жа ўдакладняецца, што людзям з кардыёстымулятарамі не трэба праходзіць праз рамку.

Разгаварыўшыся на выхадзе з метро з адным з мінакоў з нагоды выгоды ад увядзення новай працэдуры дагляду, высвятляецца, што новыя сканары - не адзінае ўзмацненне жорсткасці мер бяспекі.

- Вядома, нязручна, - дзеліцца суразмоўца. - Звычайны заплечнік правяраюць пастаянна, кожны раз. А зараз у раёне станцыі па кватэрах ходзяць участковыя і высвятляюць, хто жыве на здымных кватэрах. Забараняюць адчыняць форткі тым, у каго вокны выходзяць на скрыжаванне.

Даведаўшыся, што рамкі пасля чэмпіянату не прыбяруць, суразмоўца і зусім хвалюецца.

- Можа, хакей скончыцца і яны проста «заб'юць» на дадгляды, як звычайна. А то калі з завода ідзе змена - тут такое дзеецца.., - сумна рэзюмуе жыхар раёна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках