7 траўня 2024, aўторак, 3:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерыя Навадворская: Бяздзейнасць Захаду можа скончыцца тэрмаядзернай вайной

5
Валерыя Навадворская: Бяздзейнасць Захаду можа скончыцца тэрмаядзернай вайной

Нельга пакідаць зло беспакараным.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» расейская дысідэнтка і праваабаронца, заснавальнік партыі «Дэмакратычны саюз» Валерыя Навадворская разважае пра тое, ці пойдзе Пуцін далей, як можна спыніць Расею, ці хоча Крэмль захапіць Беларусь і ці з'яўляецца Лукашэнка марыянеткай Масквы.

- Сёння ў палітычным і грамадскім жыцці Расеі адбываюцца рэчы, якія яшчэ некалькі гадоў таму маглі здацца дрэнны жартам - блакуюцца незалежныя сайты, новыя папраўкі ў закон прадугледжваюць саджаць у турму за правядзенне мітынгаў, караць за двайное грамадзянства, ідзе цкаванне тых дзеячаў культуры і мастацтва, якія не згодныя з лініяй улады. Ці не здаецца нават вам хуткасць гэтых пераменаў нейкай жахліва-фантастычнай?

- Пуцін апынуўся не злодзеем і махляром, а фанатыкам. Мы думалі, што ён проста любіць грошы. Лепш бы ён, вядома, проста любіў грошы. Але яго характар апынуўся не такім, і ў рабскай краіне з абыякавасцю Захаду можна рабіць што заўгодна. Пасля Украіны, можна сказаць, што з нахільнай плоскасці мы перайшлі ў свабоднае падзенне. Нясемся ўніз, няма каму саломку падаслаць.

Я заўсёды казала, што Беларусь - гэта палігон, на якім адпрацоўваюцца рэстаўрацыйныя канструкцыі. Усё, адпрацавалі, цяпер у нас не лепш, чым у вас - поўная роўнасць і братэрства.

- Але «свабоднае падзенне» Расеі - ядзернай дзяржавы - для свету значна больш небяспечнае, чым дыктатура ў сціплай Беларусі.

- Так, для свету гэта нечаканы шок, і яны не рэагуюць так, як трэба было б. Яны не толькі Украіну не абараняюць, яны не абараняюць асновы міру, імі ж створаныя. І сітуацыя можа скончыцца тэрмаядзернай вайной - нават ужо не з-за Пуціна, а іншых злыдняў.

Крым - гэта падарункавы набор для Расеі. А калі Кітай захоча забраць Тайвань, незалежнасць якога гарантуюць ЗША? Тайвань мае добрую сучасную зброю і будзе абараняцца. Што будзе рабіць Захад, калі Паўночная Карэя, убачыўшы, што пакарання агрэсару няма, захоча захапіць Паўднёвую Карэю? Асновы міру знішчаныя ліквідацыяй Будапешцкай дамовы і маўчаннем Захаду.

Мы ішлі да гэтага даволі доўга. Спачатку чачэнская вайна. Ну добра, свет не прачнуўся тады, так гэта свая тэрыторыя, рабіце, што хочаце. Але потым Грузія. І там Джордж Буш спыніў сусветную вайну. Ён спыніў Пуціна, які ішоў на Тбілісі - і не словамі, а справай, самалётамі, караблямі, гэта значыць даў зразумець, што будзе абараняць Грузію узброеным шляхам.

Але паколькі Барак Абама выяўляў усе прыкметы слабасці, у свеце аслабла тая адзіная ўлада, на якой ён трымаўся - моц ЗША. І Пуцін вырашыў ні ў чым сабе на адмаўляць. Ён паспрабаваў - прайшло. ЗША маглі спыніць гэта адразу, як толькі з'явіліся першыя размовы. Можна было ўвесці ў Крым войскі, можна было б прывесці некалькі авіяносцаў, Украіна б дэнансавала дамову аб Чарнаморскім флоце - і Пуцін бы туды не сунуўся. Але паколькі былі толькі заявы, то мы дайшлі да самай страшнай сітуацыі, калі зло застаецца беспакараным. І ў выніку свет стаіць на той мяжы, на якой ён стаяў падчас Карыбскага крызісу.

Фота: grani.ru

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках