Дзяржпамежкамітэт: На мяжы з Украінай - новыя кантрольныя пасты
- 22.04.2014, 16:33
- 11,829
Дзяржпамежкамітэт удакладніў інфармацыю charter97.org.
"Інфармацыю аб размяшчэнні на беларуска-украінскім участку мяжы нейкіх блокпостаў, тым больш новых, мы расцэньваем як нагнятанне абстаноўкі і заклікаем СМІ дбайней правяраць інфармацыю, якая паступае ад відавочцаў", - заявіў у аўторак у інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Захад" прэс-сакратар ДПК Аляксандр Цішчанка.
Такім чынам ён пракаментаваў паведамленні шэрагу інфармацыйных рэсурсаў аб абмежаванні праезду на тэрыторыю Украіны праз пункты пропуску.
"Сёння 22 красавіка 2014 года спрабаваў трапіць у вёску Паддабранка, дзе размешчаны пункт спрошчанага пропуску. За 7 кіламетраў да гэтай вёскі, каля Грабаўкі, выстаўлены блокпост. Правяраюць дакументы і не прапускаюць машыны, якія не заплацілі дзяржпошліну за праезд па прымежных тэрыторыях", - напісаў адзін з чытачоў нашага сайта.
Цішчанка ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што "блокпост - гэта умацаванае збудаванне з кулямётнымі гнёздамі, якое мае ваеннае значэнне, а тое, што бачылі чытачы сайтаў, называецца кантрольны пост". Па словах прадстаўніка Дзяржпамежкамітэта, гэта "звычайная штатная сітуацыя, калі нарады правяраюць выкананне правілаў уезду ў памежзону".