Пентагон: Масква нічога не робіць для дээскалацыі канфлікту ва Украіне
6- 23.04.2014, 11:00
- 5,675
У амерыканскім абаронным ведамстве адзначылі, што Расея не адвяла войскі ад межаў Украіны і не спрыяла дээскалацыі напружання.
Пра гэта заявіў у аўторак прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі, паведамляе Цензор.НЕТ са спасылкай на афіцыйны сайт ведамства.
Па словах Кірбі, сітуацыя ўздоўж усходняй мяжы Украіны застаецца напружанай.
"Мы нічога не ўбачылі з боку Масквы, з боку Расеі або іх узброеных сілаў, што б спрыяла дээскалацыі канфлікту (або) стабілізацыі сітуацыі ва Украіне і на еўрапейскім кантыненце", - сказаў адмірал.
"Было б вельмі карысна, калі б яны адвялі свае войскі з гэтай мяжы і прынялі канкрэтныя меры, каб паважаць суверэнітэт Украіны", - дадаў Кірбі.
Спікер Пентагона адзначыў, што "агрэсія Расеі ў дачыненні да Украіны аднавіла нашу рашучасць па ўзмацненні абароннага патэнцыялу НАТА, каб прадэманстраваць нязменную падтрымку нашых саюзнікаў па НАТА ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе".
Ён адзначыў, што "адзіны мэсэдж для Масквы зараз, што ЗША вельмі сур'ёзна ўспрымаюць свае абавязацельствы адносна еўрапейскага кантынента".
Нагадаем, 17 красавіка 2014 года ў Жэневе адбылася сустрэча Украіна-ЕЗ- ЗША-Расея на ўзроўні міністраў замежных спраў. Па выніках гэтай сустрэчы была апублікаваная адпаведная Жэнэўская заява. Згодна з дакументам, усе незаконныя ўзброеныя фармаванні павінны быць раззброеныя; усе незаконна захопленыя будынкі павінны быць вернутыя законным уладальнікам; усе незаконна захопленыя вуліцы, плошчы і іншыя грамадскія месцы ва ўкраінскіх гарадах і пасёлках павінны быць вызваленыя.