28 красавiка 2024, Нядзеля, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна патрабуе адмяніць забарону на ўезд у Крым для Джамілева

Украіна патрабуе адмяніць забарону на ўезд у Крым для Джамілева

Ва ўкраінскім МЗС упэўненыя, што забарона звязаная з пазіцыяй лідара крымскіх татараў па непрызнанні акупацыі аўтаноміі.

Украіна патрабуе адмяніць забарону на ўезд у Расейскую Федэрацыю Мустафе Джамілеву. Адпаведную ноту ўкраінскі МЗС накіраваў на адрас знешнепалітычнага ведамства Расеі. Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі ведамства Яўген Перабійніс, піша Лiга.нет.

Перабійніс адзначыў, што ва Украіне абураныя рашэннем аб забароне ўезду ў РФ лідару крымскататарскага народа. "Верхам цынізму стала тое, што гэтае рашэнне было ўручана яму на акупаванай Расеяй тэрыторыі Украіны, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым. Цалкам відавочна, што гэта помста Расеі Джамілеву за яго выразную і бескампрамісную пазіцыю па непрызнанні незаконнай акупацыі Крыма", - падкрэсліў ён.

Па словах спікера знешнепалітычнага ведамства, забарона на ўезд сведчыць пра тое, што савецкія таталітарныя метады, якія перажыў шматпакутны крымскататарскі народ падчас сталінскіх дэпартацый, сёння рэанімуе цяперашняя расейская ўлада. "Спробу не дапусціць Джамілева на родную зямлю нельга кваліфікаваць інакш як чарговую злачынную праяву ксенафобіі, шавінізму, нацыянальнай нецярпімасці, якая характарызуе дзеянні расейскіх акупантаў у Крыме", - заявіў ён.

У сувязі з гэтым МЗС Украіны патрабуе ад тых, хто незаконна захапіў уладу ў Крыме, а таксама "ад іх лялькаводаў у Маскве" спыніць запалохванне і рэпрэсіі ў дачыненні да крымскіх татараў, украінцаў, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Крыме.

У ноце пратэсту на адрас МЗС Расеі таксама змяшчаецца патрабаванне ўстрымацца ад здзяйснення на тэрыторыі Украіны адміністрацыйных дзеянняў, якія зыходзяць з заканадаўства Расеі і ставяць мэтай абмежаванне свабоды перамяшчэння.

Нагадаем, раней на мяжы Херсонскай вобласці і АРК Джамілеву выдалі "акт апавяшчэння аб недазволе ўезду ў Расею". Дакумент апынуўся без пячатак і подпісаў людзей, якія яго склалі і выдалі. У акце прадпісвалася забараніць уезд лідару крымскататарскага народа да красавіка 2019 года.

Пазней экс-кіраўнік Меджліса не выключыў, што расейскія ўлады пры ўдзеле ФСБ могуць паспрабаваць раскалоць згуртаваную татарскую суполку ў АРК пасля анэксіі Расеяй паўвострава.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках