2 траўня 2024, Чацвер, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла: Лукашэнка правядзе рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расеі

128
Івонка Сурвіла: Лукашэнка правядзе рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расеі

Старшыня Рады БНР звярнулася да беларусаў.

Івонка Сурвіла заклікала не дапусціць акупацыі Беларусі Расеяй. Пра гэта яна напісала ў запісе Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Звяртаюся да вас з лістом у чарговы раз. Як і папярэднія разы, раблю гэта, таму што цяпер пагражае Беларусі вялікае гора, і я не ўпэўненая, што вы, будучы засыпаны ілжывай прапагандай, усведамляеце ўсю глыбіню гэтай небяспекі.

Чалавек, якога вы выбралі дваццаць гадоў таму на вышэйшую пасаду і які абяцаў народу залатыя горы, даўно ўжо забыўся народ. Золата ідзе яму, яго сям'і і памочнікам, а ашуканаму народу застаецца толькі гора. Ён гатовы прадаць усё лепшае ў Беларусі, стаўшы закладнікам крамлёўскага агрэсара, які пачаў адбудоўваць сваю страчаную імперыю, новую імперыю зла», - адзначае Івонка Сурвіла.

Старшыня Рады БНР звяртае ўвагу на адкрыта агрэсіўную дзейнасць былога палкоўніка КДБ Уладзіміра Пуціна не толькі ў Расіі, але і ўнутры Беларусі, дзе ствараюцца і ўмацоўваюцца расейскія вайсковыя базы, нібыта для абароны ад ворагаў.

«Падзеі, якія адбыліся ва Украіне ў апошні час, паказваюць, што Расея не змянілася. Гэта не той «старэйшы брат», з якім беларусы нібыта зжыліся на працягу дзесяцігоддзяў, а захопнік, супраць якога нашы продкі змагаліся цягам ўсяго XIX стагоддзя, і які адабраў у нас пачуццё годнасці, родную мову, культурныя і маральныя каштоўнасці, і нават нацыянальную самасвядомасць. Гэта той самы «маскаль», супраць якога перасцерагаў нас Кастусь Каліноўскі.

Калі спраўдзяцца змрочныя прадказанні палітычных аналітыкаў, Расея пачне з сумна вядомай «абароны рускамоўных». Пасля чаго з дапамогай свайго закладніка Лукашэнкі правядзе чарговы хлуслівы «рэферэндум», згодна з якім 125 % насельніцтва Беларусі выкажацца за ўваходжанне ў склад Расейскай Федэрацыі. І на гэтым усё скончыцца. Незалежнасць, за якую лепшыя сыны і дочкі Беларусі змагаліся два стагоддзі, зноў будзе страчаная. І на гэты раз, магчыма, назаўжды, так як Масква ўмее прамываць мазгі, а мы - толькі паміж сабой ваюем. Як і іншыя заняволеныя народы», - піша яна.

Івонка Сурвіла падкрэслівае, што для таго, каб абараніцца ад чарговай акупацыі, нам патрэбна нацыянальная салідарнасць і вера ў перамогу.

«Дарагія суайчыннікі! Калі вы адчуваеце сябе беларусамі, а не толькі «тутэйшымі», калі вы хочаце жыць у краі шчаслівым і заможным, давайце забудзем пра ўсё, што нас падзяляе, дзе б мы не жылі - на радзіме ці за мяжой. Будзем гатовыя даць адпор захопнікам, якія жадаюць ізноў зрабіць Беларусь калоніяй сваёй імперыі - дзеля сваіх уласных «нацыянальных інтарэсаў», ніяк не нашых. Адзіны сумесны нацыянальны інтарэс беларускага народа - гэта умацаваць сваю незалежнасць.

Усяго іншага мы з часам дасягнем, паколькі мы народ разумны, здольны, працавіты. Тады будзе час пастанавіць, які мы хочам бачыць нашу свабодную, незалежную краіну, і брацца за працу, каб здзейсніць нашы мэты», - піша старшыня Рады БНР.

Івонка Сурвіла адзначае, што беларусам нельга быць абыякавымі і чакаць, склаўшы рукі, новае агрэсіі з боку суседа.

«Так аб'явім свету, што мы - гаспадары на сваёй зямлі, і што інакш яно быць не можа. Даможамся свайго права жыць спакойна у сябе дома, без ніякіх пагроз ад суседзяў. Даможамся ўсе разам, каб Масква вывела з нейтральнай Беларусі свае базы і войскі. Беларусь таксама павінна выйсці з так званай сістэмы калектыўнай бяспекі СНД, якая цалкам кантралюецца расейскім Генштабам. Не дазволім, каб нашу моладзь уцягнулі ў чужую вайну. Свет пачуе нас і дапаможа, так як убачыў на свае вочы сапраўдны твар пуцінскай Расеі», - заявіла яна.

Напісаць каментар 128

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках