2 траўня 2024, Чацвер, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчук спрабуе вярнуць вывезены ў Расею меч ваяра ВКЛ

19
Менчук спрабуе вярнуць вывезены ў Расею меч ваяра ВКЛ

Студэнт гісторык дамагаецца вяртання здабычы «чорных археолагаў».

Гэтая гісторыя пачалася ў верасні 2013 года, калі падчас Дня беларускага пісьменства, які праходзіў у Быхаве, Краязнаўчы музей Мсціслаўля прадставіў даспехі рыцара Вялікага Княства Літоўскага канца XV - пачатку XVI стагоддзя, знойдзеныя на дне ракі Віхры, піша «Историческая правда».

Тады на гэтыя рарытэты звярнуў увагу менчук Андрэй Радкоў.

Зброя «сышла» на Усход

У канцы лета мінулага года пра гэтыя ўнікальныя артэфакты актыўна распавядалі беларускія СМІ. І не дзіўна: у нашых музеях вельмі мала аўтэнтычных прадметаў ўзбраення і экіпіроўкі сярэднявечных ваяроў. Але, як аказалася, летам 2013 года ў Мсціслаўскі музей былі перададзеныя не ўсе прадметы, знойдзеныя на рачным дне. Частка з гэтых унікальных рэчаў усё ж была вывезеная ў Расею.

«На жаль, зброя літвіна стала здабычай «чорных археолагаў». Неўзабаве, пасля выяўлення артэфактаў на адным з расейскіх інтэрнэт- аўкцыёнаў быў выстаўлены меч ваяра ВКЛ», - распавядае Андрэй.

Студэнт БДУ заняўся пошукам інфармацыі, якая тычыцца гэтай гісторыі. Аказалася, што кірасы і іншыя часткі рыцарскага рыштунку здалі ў музей мясцовыя «аматары старажытнасцяў». Андрэю ўдалося адшукаць гэтых «краязнаўцаў» і тыя паведамілі, што артэфакты былі знойдзеныя дайверамі з Расеі.

Месца для сваіх «пошукаў» госці з Усходу выбралі не выпадкова. Справа ў тым, што ў вусці ракі Віхры на працягу апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў пастаянна знаходзяць розныя элементы даспехаў і рыштунку рыцараў эпохі Вялікага Княства Літоўскага.

Няма цела, няма справы?

Разам з латамі і зброяй былі выяўленыя і астанкі ваяра ВКЛ. «Чорныя капальнікі» проста вытраслі косткі з кірасы і, склаўшы іх у мяшок, закапалі. Неўзабаве Андрэю Радкову стала вядомае месца паўторнага пахавання рыцара і пасля «эксгумацыі» змесціва пакета было перададзена ў Музей гісторыі горада Магілёва. Таксама атрымалася ўстанавіць, што фота мяча (з інтэрнэт-аўкцыёну), вывезенага ў Расею, і іншых даспехаў былі зробленыя адной камерай і, больш за тое, у двары прыватнага дома беларускага «аматара старажытнасцяў», таго самага, які і прынёс частку знаходак у музей Мсціслава.

«Галоўнае, што я хацеў - гэта атрымаць кантакты расейцаў, якія вывезлі беларускія рарытэты за межы нашай краіны. Я не следчы, і не пракурор. Ацэнку дзеянням гэтых людзей павінны даваць праваахоўныя органы. Мне ж патрэбныя былі кантакты «чорных археолагаў», каб абмеркаваць магчымасць вяртання мяча, а таксама дзвюх баявых сякер і дзіды ў Беларусь. Бо гэта нашы культурныя каштоўнасці і з'яўляюцца для нас, беларусаў, найважнейшымі помнікамі мінулага», - адзначае Андрэй.

Пасля таго, як менскі студэнт звярнуўся ў міліцыю і паведаміў праваахоўнікам пра дадзеную гісторыю, мясцовых «краязнаўцаў» атрымалася «разгаварыць», і тыя прызналіся, што аказвалі дапамогу «партнёрам» з Расеі. Зрэшты, неўзабаве студэнт Андрэй атрымаў ліст з мсціслаўскай міліцыі, у якім паведамлялася, што праверка па факце яго звароту нічога не дала і, у сувязі з гэтым, спыненая.

Што рабіць?

Наш «Індыяна Джонс» не збіраецца здавацца. Ім пададзеная другая заява, ужо ў Магілёўскае абласное ўпраўленне міліцыі. «На жаль, беларускае заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў занадта не дасканалае. Шкада, што вось так, нейкія людзі могуць прыехаць з суседняй краіны, забраць беларускі помнік і, карыстаючыся тым, што паміж Беларуссю і Расеяй няма мяжы, вывезці рарытэт да сябе.

Усе размовы пра неабходнасць захавання беларускіх археалагічных помнікаў, на жаль , да гэтага часу застаюцца размовамі. А выйсце з сітуацыі ёсць. Трэба проста ўвесці ліцэнзаванне прыватнай пошукава-археалагічнай дзейнасці. Да таго ж, варта было б праводзіць атэстацыю тых, хто хоча займацца археалогіяй.

Вы ж не можаце прыйсці з вуліцы і заняцца хірургіяй. Для гэтага трэба вучыцца 6 гадоў, потым інтэрнатура і да т.п. Гісторыя і археалогія - гэта таксама складаныя навукі, у якіх без спецыяльнай падрыхтоўкі рабіць няма чаго. Тут павінны працаваць прафесіяналы. У афіцыйны рэестр унесеныя далёка не ўсе археалагічныя помнікі Беларусі, таму наша краіна рызыкуе страціць значную частку сваёй культурнай спадчыны. Я вельмі спадзяюся, што неабходная заканадаўчая база ў Беларусі ўсё ж будзе прынятая», - падкрэслівае Андрэй Радкоў.

Але ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адзін нюанс. «Мы звярталіся ў Міністэрства абароны з просьбай дапамагчы пахаваць ваяра ВКЛ з належнымі ўшанаваннямі. У рэшце рэшт, ён жа загінуў у баі за Айчыну. Да таго ж, у Беларусі няма ніводнага мемарыяла сярэднявечным ваярам. Але ваенныя чыноўнікі пакуль разводзяць рукамі. Яны не ведаюць, як аформіць астанкі рыцара часоў Вялікага Княства Літоўскага. Я спадзяюся, што сітуацыя будзе вырашаная ў станоўчы бок. У адваротным выпадку, будзем хаваць абаронцу Мсціслашля за ўласныя сродкі», - гаворыць менскі студэнт.

Застаецца спадзявацца, што намаганні Андрэя Радкова не пройдуць бясследна і гэтая гісторыя скончыцца вяртаннем выкрадзеных з Беларусі рарытэтаў эпохі ВКЛ. Да таго ж нашай дзяржаве варта было б сур'ёзна задумацца над прапрацоўкай заканадаўства ў сферы абароны айчынных гісторыка-культурных і археалагічных каштоўнасцяў. Шчыра хацелася б, каб артэфакты беларускай гісторыі заставаліся на Радзіме.

З вялікай доляй упэўненасці можна казаць, што знойдзеныя астанкі належалі рыцару, які загінуў пры абароне Мсціслаўля ад войскаў Маскоўскай дзяржавы падчас баявых дзеянняў у 1502 годзе. Бітва адбылася 4 лістапада. Маскоўскі князь аб'яднаўся з крымскім ханам і выступіў супраць Вялікага Княства Літоўскага. На шляху захопнікаў з Усходу ўсталі мсціслаўскія рыцары.

Бітва была жорсткай і кровапралітнай. Мсціслаў адстаялі, але за гэта заплацілі высокую цану: страты войскаў ВКЛ склалі амаль сем тысяч ваяроў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках