ЕЗ увядзе санкцыі супраць расейскіх кампаній
5- 16.07.2014, 14:11
- 9,333
Лідэры Еўрапейскага звязу маюць намер пашырыць санкцыі ў дачыненні да Расеі.
Пра гэта сведчыць праект заявы, які трапіў да агенцтва Bloomberg.
ЕЗ будзе дамагацца спынення фінансавання новых расейскіх праектаў у лініі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Таксама Еўразвяз можа загадаць Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку (EIB) спыніць фінансаванне новых праектаў у дзяржсектары РФ, піша "Інтэрфакс".
Пад санкцыі падпадуць расейскія кампаніі, якія Брусэль "разглядае як удзельнікаў у дэстабілізацыі сітуацыі на Украіне", гаворыцца ў чарнавым варыянце дакумента.
"ЕЗ асуджае далейшыя незаконныя дзеянні прадстаўнікоў узброеных фармаванняў на ўсходзе Украіны", - адзначаецца ў праекце.
Акрамя таго, ЕЗ мае намер прыпыніць двухбаковыя і рэгіянальныя праграмы супрацоўніцтва з Расеяй.
Лідэры Еўразвязу плануюць разгледзець "дадатковыя захады, у прыватнасці, абмежаванне інвестыцый" у Крым і Севастопаль.
Лідэры ЕЗ 27 чэрвеня запатрабавалі ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна рэалізацыі чатырохэтапнай праграмы дээскалацыі напружанасці на Украіне. У праекце заявы ліпеньскага саміту гаворыцца, што патрабаваныя меры не былі зрэалізаваныя ў поўнай ступені.
Праект заявы будзе разглядацца ўвечары ў сераду на пазачарговым саміце лідэраў ЕЗ і можа зазнаць істотныя змены, адзначае Bloomberg. Афіцыйна перамовы стартуюць а 19:00 паводле менскага часу ў Бруселі.
Індэкс ММВБ перайшоў да зніжэння пасля з'яўлення папярэдняй інфармацыі пра санкцыі, рубель скараціў рост да бівалютнага кошыку да 0,1%.