Крамлёўскія СМІ распавялі, як баевікі збілі «Боінг» (Відэа)
115- 18.07.2014, 8:02
- 161,501
(абноўлена - 08:19) Прапагандысты ў жывым эфіры паведамілі аб траплянні ракеты тэрарыстаў у пасажырскі самалёт.
Відэа выпуску навін пракрамлёўскага тэлеканала LifeNews змешчанае ў запісе Life momo Donbass у YouTube.
Вядоўца распавядае, як баевікі збілі самалёт, называючы яго ўкраінскім Ан-26. Аднак час трапляння ракеты і месца інцыдэнту ідэнтычныя часу і месцу катастрофы малайзійскага «Боінга». Пасажырскі самалёт упаў а 16:30 недалёка ад горада Тарэза у Данецкай вобласці. Адзначым, што абломкаў іншых самалётаў, нібыта збітых у гэты час, не знойдзена.
Раней довад датычнасці баевікоў да катастрофы «Боінга» - запіс перамоў - апублікавала Служба бяспекі Украіны.
Іншыя расейскія СМІ таксама навыперадкі давалі навіны пра збіты ўкраінскі самалёт, пакуль не даведаліся, што ўпаў малазійскі «Боінг».
Вось скрыншоты навін, апублікаваных вядучымі расейскімі мас-медыя, адразу пасля падзення самалёта пад Тарэзам.
Але як толькі пайшла інфармацыя, што над Данбасам збіты малазійскі «Боінг», навіны з сайтаў былі выдаленыя.
На старонцы аднаго з лідэраў тэрарыстаў Стралкова-Гіркіна яшчэ дзве гадзіны красавалася паведамленне, якое пазней было выдаленае.
Цяпер тэрарысты сцвярджаюць, што ў іх распараджэнні няма зброі, здольнай збіваць лайнеры на вышыні 10 км і вышэй - напрыклад, зенітна-ракетных комплексаў «Бук». Аднак раней яны сцвярджалі зусім іншае.