Селязнёў: Гэта не мой сын, а дзе мой - я не ведаю
21- 8.07.2014, 12:26
- 22,401
Дэпутат Дзярждумы Селязнёў абверг паведамленні аб арышце свайго сына ў ЗША.
Дэпутат Дзярждумы РФ Валерый Селязнёў (ЛДПР) заявіў, што ягоны сын Раман не мог быць арыштаваны ў ЗША і, такім чынам, абверг паведамленні некаторых заходніх СМІ.
"Я абсалютна дакладна ведаю, што ў ЗША мой сын не мог быць затрыманы, бо ён там не быў", - сказаў "Інтэрфаксу" Селязнёў у аўторак.
У той жа час Селязнёў, адказваючы на пытанні "Інтэрфакса", прызнаў, што ён сапраўды не ведае, дзе знаходзіцца цяпер Раман - "дзесьці адпачывае за мяжой, але дакладна не ў ЗША". Адказваючы на іншае пытанне, ці былі ў яго нейкія кантакты, напрыклад тэлефонныя, з сынам, Селязнёў сказаў, што не можа да яго датэлефанавацца.
Раней агенцтва Bloomberg паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы, што 5 ліпеня амерыканскія спецслужбы затрымалі 30-гадовага Рамана Селязнёва. Крыніцы агенцтва сцвярджалі, што затрыманы прыходзіцца сынам расейскаму дэпутату Валерыю Селязнёву.
Рамана Селязнёва падазраюць ва ўзломе кампутараў амерыканскіх прадпрыемстваў раздробнага гандлю. Паводле версіі следства, ён выкраў нумары і коды крэдытных карт 200 тысяч іх кліентаў і затым прадаваў незаконна атрыманую інфармацыю ў інтэрнэце. Ягоны прыбытак ацэньваецца прыкладна ў $2 млн, а нанесеная крамам шкода - крыху больш чым у мільён даляраў.