Мадонна не змагла выступіць у ролі прысяжнай у судзе
5- 8.07.2014, 19:32
- 6,543
Поп-зорку не дапусцілі да працэсу, каб не адцягваць увагу навакольных.
Мадонна наважылася сумленна выканаць свой грамадзянскі абавязак і з'явілася паводле выкліку ў суд Нью-Ёрка, каб узяць удзел у працы прысяжных засядацеляў, паведамляе руская служба BBC.
Спявачка разам з іншымі патэнцыяльнымі прысяжнымі правяла ў пакоі чакання дзве гадзіны, аднак узяць удзел у разглядах ёй так і не далі, пастанавіўшы, што знакамітасць адцягне на сябе ўсю ўвагу, што можа перашкодзіць справе.
Са слоў прадстаўніка судовай сістэмы штата Нью-Ёрк Дэвіда Букстэйвера, сам выклік Мадоны ў суд наглядна сведчыць аб тым, што ўсе роўныя перад законам.
Пасля адмовы ад паслуг Мадоны суд Нью-Ёрка паводле закона не зможа турбаваць яе на цягам шасці гадоў.
Як растлумачыў Дэвід Букстэйвер, пастанова не выкарыстоўваць Мадону ў якасці прысяжнай была прынятая, каб «не адцягваць увагу іншых прысяжных і не перашкаджаць судоваму працэсу». З ягоных слоў, прысутнасць Мадоны запатрабавала б узмоцненай паліцэйскай аховы, што пацягнула б за сабой дадатковыя судовыя выдаткі.
З'яўленне зорак у судах ЗША ў якасці прысяжных - не рэдкасць. Не далей як летась да разгляду справы аб хатнім гвалце быў прыцягнуты галівудскі акцёр Том Хэнкс. Аднак гэты працэс быў заўчасна перапынены, паколькі адзін з прадстаўнікоў старон абвінавачвання не ўтрымаўся і падышоў да актора па-за залай суда, каб падзякаваць яму за ўдзел у працы журы, чым парушыў правілы.
У якасці прысяжных выступалі таксама акторка Джэсіка Ланж і тэлежурналіст Барбара Уолтэрс, якія тым самым падкрэслілі важнасць працы засядацеляў і выказаліся ў падтрымку грамадзянскай адказнасці.