Ермакова абяцае знізіць стаўку рэфінансавання да 18-20%
9- 9.07.2014, 15:31
- 8,686
Стаўка рэфінансавання да канца года можа скласці 18-20% гадавых.
Аб гэтым сёння журналістам паведаміла старшыня ўправы Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова, піша БелТА.
Надзея Ермакова нагадала, што стаўка рэфінансавання залежыць ад узроўню інфляцыі. На 2014 год яна прагназуецца ў 16-17%. "Мы пралічваем, што да канца года стаўка рэфінансавання будзе 18-20%. Дзесьці ў гэтых параметрах яна павінна быць, зыходзячы з разлікаў чаканай інфляцыі", - сказала кіраўніца Нацбанка.
Апошні раз стаўка рэфінансавання Нацбанка паніжалася ў траўні на 1 адсоткавы пункт да 21,5% гадавых.
Незалежныя экспэрты мяркуюць, што гэта цалкам дасягальны арыентыр, аднак думаюць, што стаўка рэфінансавання ў Беларусі страціла эканамічны сэнс і носіць фармальны характар.
"18-20% да канца года - гэта рэальна. Але рэч у тым, што сёння стаўка рэфінансавання не адыгрывае сваёй ролі, носіць шмат у чым фармальны характар і зніжаецца пад ціскам урада, якому патрэбныя танныя крэдыты. Сёння банкі выстаўляюць свае адсоткі на міжбанкавы рынак, дзе яны заўсёды вышэйшыя за стаўку рэфінансавання. І таму якімі тэмпамі яна знізіцца, ужо не так важна, а трэба глядзець, якім тэмпамі будзе зніжацца стаўка на міжбанку", - распавёў charter97.org доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жаліба.