28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Атрымаць брытанскую візу стане прасцей

5
Атрымаць брытанскую візу стане прасцей

Пасля адкрыцця сталага візавага цэнтра ў Менску атрымаць брытанскую візу можна будзе хутчэй.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю БелаПАН амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл.

З 13 чэрвеня 2014 візавы аддзел пасольства Вялікай Брытаніі ў Менску спыніў прыём дакументаў на візы ў сувязі з фінальнай перадачай гэтых паўнамоцтваў прыватнай кампаніі «Тэлепэрформанс Лімітэд».

Са слоў Бакнэла, пераход да такога парадку выдачы віз - гэта «частка вялікага працэсу» Пасол уважае за пазітыўны факт павелічэння колькасці візавых цэнтраў у свеце. «Напрыклад, сем гадоў таму мы мелі ў свеце толькі 150 візавых аддзелаў. Цяпер у нас 300 візавых цэнтраў. Гэта азначае павелічэнне колькасці гарадоў, у якіх можна атрымаць візу», - адзначыў ён.

Змяняецца і працэс атрымання візы. "Заяўнікі павінны рэгістравацца ў нашых камерцыйных партнёраў, падаваць туды дакументы і біяметрычныя звесткі. У Беларусі гэта «Телепэрформанс». Цяпер офіс гэтай кампаніі знаходзіцца ў «Прэзідэнт-гатэлі», - сказаў Бакнэл.

Паводле ягоных слоў, раней пастанову аб выдачы візы прымаў візавы аддзел амбасады, цяпер жа «візавыя заяўкі адпраўляюцца ў Маскву, дзе іх разглядаюць супрацоўнікі брытанскага дэпартамента віз і міграцыі, а персанал кампаніі «Телепэрформанс» не бярэ ўдзелу ў разглядзе заявы».

Дыпламат падкрэсліў, што ў адрозненне ад іншых краін кошт візаў у Беларусі з пераходам на новы парадак іх выдачы не змяніўся і не зменіцца ў будучыні.

Бакнэл паведаміў, што стандартны тэрмін атрымання візы - 15 рабочых дзён (з моманту падачы дакументаў да прыняцця пастановы візавым аддзелам амбасады ў Маскве).

Паводле ягоных слоў, пакуль у кампаніі «Телепэрформанс» у Менску часовы офіс, але ў перспектыве плануецца адкрыць сталы цэнтр, і з'явіцца магчымасць выконваць прыярытэтныя паслугі. «Гэта значыць, што людзі змогуць атрымліваць візу хутчэй, чым звычайна, за дадатковую плату», - дадаў Бакнэл.

Пасол Вялікабрытаніі прызнаў, што ў перыяд пераходу на новую сістэму выдачы віз у заяўнікаў маглі быць праблемы з атрыманнем віз.

«Мы працавалі з калегамі ў Маскве, якія апрацоўваюць заяўкі, каб палепшыць абслугоўванне. Цяпер мы працуем зыходзячы са стандарту ў 15 рабочых дзён. Трэба разумець, што 15 рабочых дзён - гэта норма для звычайнай турыстычнай візы. Акрамя яе ёсць яшчэ візы на сталае месца жыхарства, там стандарты большыя», - заўважыў Бакнэл.

Ён нагадаў, што ахвотным атрымаць візу трэба заходзіць на сайт кампаніі «Телепэрформанс» (www.tpcontact.co.uk). «Часам узнікаюць праблемы, але заяўнікі павінны прытрымлівацца працэдуры», - падкрэсліў пасол.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках