4 траўня 2024, Субота, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы паміж Пуціным і Лукашэнкам

23
Беларусы паміж Пуціным і Лукашэнкам

Лукашэнкаўская прапаганда сёння актыўна падтрымлівае пуцінскую.

Пра гэта заявіла галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна, камэнтуючы выданню ru.DELFI.lt інфармацыю аб блакаванні нашага сайта «Ростелекомам».

- Мяркуючы з вашых паведамленняў, сайт charter97.org заблакаваны ў Расеі? З чым вы гэта звязваеце?

- Расейскі магістральны аператар "Ростелеком" перацяў доступ да нашага сайту 7 жніўня. Наведвальнікі charter97.org сталі масава паведамляць пра блакаванне сайта ў Расеі, Казахстане і Беларусі. Мы правялі расследаванне і высветлілі, што расейскі магістральны аператар сувязі «Ростелеком» занёс сайт у чорны спіс, праз што доступ да charter97.org знік для ўсіх карыстальнікаў інтэрнэт-правайдэраў, якія далучаныя да Сеціва праз «Ростелеком».

Карыстальнікі замест сайта трапляюць на старонку з паведамленнем пра тое, што сайт унесены ў адзіны рэестр дамэнных імёнаў, паказальнікаў старонак сайтаў у сетцы інтэрнэт і сеткавых адрасоў, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць сайты ў сетцы інтэрнэт, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой у Расейскай Федэрацыі забароненае.

Раней Роскомнадзор унёс некалькі артыкулаў charter97.org аб правядзенні ў Расеі акцый у падтрымку «Сібірскай Народнай Рэспублікі» у «чорны спіс», аднак аб поўным блакаванні сайта гаворкі не ішло. Дамен charter97.org не знаходзіцца ў рэестры «Роскомнадзора». «Ростелеком» пайшоў далей і цалкам блакаваў доступ да нашага сайту.

Цікава, што з блакаваннем нашага сайта сутыкнуліся кліенты беларускіх правайдэраў «Деловая сеть», Life, Velcom ды іншых. Гэтыя інтэрнэт-правайдэры, паводле нашай інфармацыі, прылучаныя да інтэрнэту праз НЦАТ (Нацыянальны цэнтр абмену трафікам), які надоечы атрымаў права прылучэння да міжнароднага шлюза. НЦАТ прылучаны да Сеціва праз «Ростелеком», і шмат якія беларускія карыстальнікі аўтаматычна трапілі пад блакаванне расейскага аператара.

Нагадаем, наш сайт з вясны 2011 года і так знаходзіцца ў Беларусі ў «чорных спісах». Доступ у Беларусі заблакаваны ў дзяржструктурах, навучальных установах і ўстановах культуры, аднак калі ён будзе блакавацца для ўсіх астатніх карыстальнікаў, гэта будзе сур'ёзны ўдар па рэштках свабоды слова ў Беларусі.

Сёння ў краінах Еўразвязу шмат хто кажа аб тым, што ў Беларусі пачынаецца чарговая «лібэралізацыя», але практыка дэманструе зусім адваротнае. Нам цяпер патрэбная салідарнасць і падтрымка міжнародных арганізацый, такіх як АБСЕ, Рада Еўропы, «Рэпарцёры без межаў», Камітэт абароны журналістаў.

- Як увогуле вы ахарактарызуеце беларускую мэдыяпрастору на фоне вайны ва Украіне?

- Панаванне прапаганды ва ўсіх афіцыйных мэдыях - тэлевізіі, радыё, газэтах, інтэрнэт-сайтах. Лукашэнкаўская прапаганда сёння актыўна падтрымлівае пуцінскую - усё тая ж хлусня, ачмурэнне насельніцтва. Да таго ж у Беларусі транслююцца расейскія тэлеканалы, і беларусы апынуліся паміж Сцылай і Харыбдай. Прычым, назіраецца такі парадокс. Большасць беларусаў сёння, калі не ненавідзяць, то пагарджаюць Лукашэнкам. Пуцін сёння для іх - «меншае ліха». Не бачачы пэрспэктыў пазбавіцца ад Лукашэнкі мірным шляхам праз выбары, яны гатовыя падтрымаць хоць чорта - абы пазбавіцца ад ненавіснага дыктатара.

У гэтай сітуацыі ўзрастае роля незалежных мэдыяў, якія павінны тлумачыць, што трэба сёння змагацца і з Лукашэнкам, і з Пуціным.

- Як вы ацэньваеце сітуацыю, у якой апынулася Беларусь у сувязі з дзеяннямі Расеі супраць Украіны, заходнімі санкцыямі і дзеяннямі ў адказ РФ?

- На гэтым сёння можа азалаціцца Лукашэнка. Беларусь - транзітная краіна, і сёння яе ахвочыя выкарыстоўваць усе - і еўрапейцы, і расейцы, і ўкраінцы - для перапраўкі тавараў туды-назад у абыход санкцый. Таму ўпэўненая, будуць квітнець «шэрыя схемы» і кантрабанда, на якіх будуць ўзбагачацца сам Лукашэнка, алігархі, прадажныя чыноўнікі. Гэтаму, безумоўна, трэба паставіць заслон.

Цяпер мы назіраем геапалітычны землятрус. Сітуацыя можа змяніцца вельмі хутка. Але без свабоднай дэмакратычнай Беларусі рэгіянальнай стабільнасці быць не можа.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках