«Сэнатарка» Шарэйка перайшла дарогу чыноўнікам?
25- 15.08.2014, 15:31
- 43,909
На птушкафабрыцы выстаўляюць сваю вэрсію арышту дырэктаркі.
14 жніўня са згоды «савета рэспублікі» «сэнатарка» Ганна Шарэйка была пазбаўленая дэпутацкай недатыкальнасці і затрыманая. Яе абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы, якую яна ўзначальвае.
На птушкафабрыцы на ўмовах ананімнасці распавядаюць, што прычынай арышту мог стаць канфлікт з іншым прадпрыемствам.
Маўляў, летась да дырэктаркі птушкафабрыкі звярнуліся з прадпрыемства, якое вырабляе корм для птушак. Прапанавалі ўкласці кантракт. Шарэйка адмовілася: не сышліся ў стасунку кошт-якасць. У выніку яна ўклала дамову з латвійскай кампаніяй. Нібыта нават з улікам мытаў выходзіла танней, чым закупляць у Беларусі. Беларуская ж кампанія карысталася падтрымкай абласных чыноўнікаў. Такое самаўпраўства сяму-таму не спадабалася.
А ў выніку 2013 года птушкафабрыка зазнала страты, бо сродкі інвэставалі ў свой павелічэнне. І агулам усё гэта стала падставай для стараннай праверкі. Магчыма, нейкія крокі кіраўніцтва прынялі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, адзначаюць на фабрыцы.
«З адназначным выяўным стаўленнем да яе я не сутыкаўся. Але мала ў горадзе, у Беларусі людзей, якіх ведаюць як кіраўніка канкрэтнага прадпрыемства, якое істотна вырасла. Фабрыка стала знакавым, вядомым брэндам. Прадукцыя была разнастайная. Яны стварылі ўласную сетку раздробнага гандлю, кавярню, рэстарацыю, месца адпачынку. З густам, як кажуць у нас, еўрапейскага тыпу месцы. Гэта была і ініцыятыва Ганны Васільеўны. На фабрыцы імкнуцца да арганізацыі культурнага адпачынку працаўнікоў», - распавёў жыхар Віцебска Віталь.
Віцяблянін Сяргей успамінае, што пра меркаваны арышт Шарэйкі загаварылі яшчэ на пачатку ліпеня, калі адбыліся арышты іншых людзей на фабрыцы. І калі ў часы «Славянскага базару» перад канцэртамі называліся фундатары, агучылі прозвішча і Шарэйкі. І некаторыя здзівіліся, бо думалі, што яна ўжо не ў фаворы, калі ўжо не пад арыштам. «Калі пра кагосьці, як у выпадку з арыштам намесніка старшыні аблвыканкама Кавалёва, хадзілі чуткі, абмяркоўваліся вэрсіі, то пра яе нічога не кажуць - ніякіх вэрсій я не чуў», - адзначыў Сяргей.
Паводле ягоных слоў, фабрыка давала працу вялікай колькасці людзей з навакольных вёсак. «Заробкі там, наколькі ведаю, добрыя».
А крамы і кавярні фабрыка будавала не толькі ў цэнтры Віцебску, але і ў новым раёне Білева, дзе пакуль няма інфраструктуры, піша «Наша Ніва».
Віцебская бройлерная фабрыка - гэта вялікая вытворчасць, размешчаная на шмат якіх пляцоўках. Тут адбываецца ўвесь вытворчы цыкл: ад атрымання яек і гадавання маладняку да перапрацоўкі мяса ў гатовую прадукцыю. Фабрыка ўключае ў сябе цэх заводскага маладняку, цэх бацькоўскага статка курэй-нясух, два бройлерныя цэхі, цэх інкубацыі, два цэхі забою і перапрацоўкі мяса птушкі, цэх гатовай прадукцыі. У прадпрыемства ёсць уласныя крамы.
Віцебскай бройлернай фабрыцы належыць брэнд «Ганна».
«Яшчэ гадоў дзесяць таму здавалася, што наблізіцца да ўзроўню заходнееўрапейскіх прадпрыемстваў нерэальна. А сёння ўжо замежныя спецыялісты дзівяцца нашым поспехам. У прыватнасці, аб'ёмам і якасці перапрацоўкі мяса птушкі, якой на Захадзе мала хто займаецца», - адзначала ў адным з інтэрв'ю Ганна Шарэйка.