6 траўня 2024, панядзелак, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Жлобінам знішчаюць свіней праз падазрэнне на АЧС

11
Пад Жлобінам знішчаюць свіней праз падазрэнне на АЧС

У адной з вёсак Жлобінскага раёна ўлады аддалі загад знішчыць усіх свіней праз падазрэнне на свіную чуму.

Для гэтага ў вёску Праскурні, што ў Жлобінскім раёне, прыбыла цэлая дэлегацыя з мясцовых чыноўнікаў і ветэрынараў, паведамляе тэлеканал «Белсат».

На пад'ездах да вёскі цяпер дзяжураць міліцэйскія блокпосты. «Акупацыю зрабілі, у вёсцы перапалох», - распавядае жыхар вёскі. «Папярэдзілі, маўляў, ці забівайце самі, ці будзем прыходзіць і ўсыпляць. Сказалі, чума нейкая афрыканская, або што яны там сказалі» - падзялілася іншая жыхарка.

Са слоў жыхароў вёскі, смяротны для свіней вірус знайшлі ў гаспадарцы мясцовага фермера. Ён гадаваў больш за сотню жывёл, цяпер жа яны ўсё, як кажуць, пайшлі пад нож. «Катлаван капалі, агароджвалі яго і выпальвалі. Дровы туды кідалі, палілі ўсіх. А потым, магчыма, закопвалі», - удакладніла Ганна, жыхарка Праскурні.

Мясцовы жыхар Уладзімір гадаваў 8 свіней. За два дні забіў усіх, але здаваць мяса дзяржаве гаспадар адмаўляецца з той прычыне, што грошы прапануюць смешныя: «17 тысяч за кілаграм. Што такое 17 тысяч за кілаграм жывой вагі? Свіння, у сярэднім, важыць 140-150 кг - гэта 2 мільёны за ўсё. Цяпер каб купіць парася трэба 1,5 мільёна».

Знішчэнне свіней у Праскурні - не першы выпадак у Беларусі ў гэтым годзе. Месяц таму такія ж заходы зрабілі ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці, выпадкі паморку жывёл у гэтым годзе зафіксавалі ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай, а таксама ў Шчучынскім і Астравецкім раёнах Гарадзенскай вобласці. І гэта толькі тыя выпадкі, якія сталі вядомыя СМІ. Аднак, згодна з афіцыйнымі заявамі, афрыканскай чумы свіней у краіне няма.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках