4 траўня 2024, Субота, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія яблыкі праз Беларусь ідуць у Расею

45
Польскія яблыкі праз Беларусь ідуць у Расею

Аб гэтым заявіў дырэктар ДУ "Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, каранціну і аховы раслін".

Рассельгаснагляд будзе прасіць Беларусь аб увядзенні забароны на імпарт польскай гародніны і садавіны.

Пра гэта агенцтву "Бізнэс-навіны" паведаміў прэс-сакратар расейскай установы Аляксей Аляксеенка.

"Мы ўтворым адную мытную прастору, таму рызыкі для ўсіх аднолькавыя. Мы можам чакаць тое, што польскія бізнэсоўцы будуць старацца гэтую ж прадукцыю пастаўляць праз трэція краіны пад выглядам мясцовай прадукцыі", - сказаў Аляксеенка.

30 ліпеня Рассельгаснагляд распаўсюдзіў паведамленне аб увядзенні часовых абмежаванняў на ўвоз у Расею з Польшчы яблыкаў, груш і айвы (код ТН ЗЭД 0808), абрыкосаў, вішні і чарэшні, персікаў, нектарынаў, сліў (код ТН ЗЭД 0809), капусты (код 0704) , іншай гародніны (код ТН ЗЭД 0709), за выняткам свежых грыбоў.

Прычынай увядзення абмежаванняў Рассельгаснагляд называе комплекс рызык, звязаных з выяўленнем у польскай прадукцыі каранцінных для Расеі аб'ектаў, у прыватнасці, заходняга каліфарнійскага (кветкавага) трыпса (Frankliniella occidentalis Perg.) і ўсходняй пладажэркі (Grapholitha Molesta Busck).

"Альбо Польшча не кантралюе ўсю тэрыторыю краіны, а гэта новыя рызыкі і для нас, і для нашых беларускіх калегаў, альбо Польшча рээкспартуе прадукцыю з трэціх краін пад выглядам польскай", - адзначыў Аляксей Аляксеенка.

Дырэктар ДУ "Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, каранціну і аховы раслін" Леанід Пляшко паведаміў, што беларускі бок пакуль не атрымаў ад Расеі інфармацыі аб увядзенні забароны на ўвоз прадукцыі раслінаводства з Польшчы.

"У нас вельмі шмат транзітных грузаў ідзе з Польшчы ў Расею. Гэта прыкладна 1 млн тон яблыкаў у год. А іншай прадукцыі яшчэ процьма. Калі б такая забарона расейскім бокам была ўведзеная, у мяне быў бы афіцыйны дакумент з просьбай, каб на памежным пераходзе на мяжы Мытнага саюза не пускалі ў Расею пэўныя грузы. Але гэтага дакумента пакуль няма", - сказаў Пляшко.

Пляшко не здолеў адказаць на пытанне, ці будзе беларускі бок уводзіць забарону на пастаўкі польскай прадукцыі, калі пра гэта папросіць Расея.

Паводле звестак Белстата, Польшча з'яўляецца найбуйнейшым пастаўніком у Беларусь гародніны і садавіны паводле забароненых Рассельгаснаглядам кодаў.

У прыватнасці, у студзені-траўні 2014 года імпарт яблыкаў, ігруш і айвы паводле коду ТН ЗЭД 0808 у Беларусь з Польшчы склаў 190,4 тысячу тон, што на 66,6% больш, чым за пяць месяцаў 2013 года. У вартасным выразе імпарт гэтай прадукцыі вырас на 74,5% да USD 93,0 млн. Дзель Польшчы ў агульным аб'ёме імпарту яблыкаў, ігруш і айвы ў вартасным выразе за пяць месяцаў 2014 склала 75,1%.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках