3 траўня 2024, Пятніца, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўдвая падвысілі кошт гародніны для Калінінграда

21
Беларусы ўдвая падвысілі кошт гародніны для Калінінграда

Калінінградскія перапрацоўнікі сельгаспрадукцыі нясуць страты праз тое, што беларускія пастаўнікі істотна паднялі кошт тавару.

Як паведаміў "Росбалту" кіраўнік кааператыва "Наш прадукт" Заур Шыраліеў, кампанія якога займаецца перапрацоўкай гародніны, цяпер ён вымушаны закупляць таматы ў Беларусі коштам удвая вышэйшым, чым яшчэ некалькі тыдняў таму.

"Цяпер яны каштуюць 48 рублёў, а яшчэ нядаўна былі 25. Але мы вымушаныя іх купляць, бо з якаснай сыравінай цяпер ва ўсіх праблемы. Таму беларусы кошты і паднялі", - распавёў калінінградскі бізнэсовец.

Раней прадпрымальнік завозіў гародніну з Польшчы, таксама невялікі адсотак паставак быў з Беларусі і ад мясцовых фермераў. Цяпер у кампаніі шукаюць іншых пастаўнікоў, у тым ліку ў рэгіёнах Расеі. Аднак, са слоў Шыраліева, ягоная апошняя спроба завезці таматы з Краснадарскага краю прывяла толькі да страт. Праз санкцыі брокеры не змаглі своечасова аформіць дакументы, і груз "завіс" на мяжы.

"У нас сорак аўтамабіляў стаяла на мяжы. З 18 тон таматаў палову выкінулі", - канстатаваў прадпрымальнік, адзначыўшы, што агулам у Краснадары самыя якасныя памідоры, таму гэты рынак перспектыўны.

Між тым з непрыемнымі сюрпрызамі ад беларускіх партнёраў сутыкаюцца цяпер і гандлёвыя сеткі. Калінінградскія рытэйлеры на сустрэчы з губернатарам рэгіёну заявілі аб тым, што пастаўнікі істотна "задзіраюць" кошты на шэраг харчовых тавараў, паведаміў "Росбалту" міністр прамысловасці рэгіёну Дзмітрый Чэмакін.

"У мяне няма падставаў не верыць нашым рытэйлерам. Але паўплываць на беларускіх пастаўнікоў мы можам толькі адным чынам - абмеркаваць гэтую сітуацыю з іх уладамі, каб яны неяк стрымлівалі кошты. Цяпер ва ўрадзе фармуецца дэлегацыя для паездкі ў Беларусь", - сказаў міністр .

Напярэдадні старшыня рады дырэктараў групы кампаній "Вестэр" Алег Балычаў на адным з мясцовых сайтаў паведаміў, што ўвядзенне санкцый РФ ужо адбілася на асартыменце і кошце прадуктаў харчавання ў ягоных крамах. Паводле ягоных слоў, кошты падымаюць пастаўнікі - як мясцовыя, так і замежныя. Беларускія пастаўнікі і вытворцы пакуль даюць кошты на 30-45% вышэйшыя за звычайныя, патрабуючы пры гэтым 100-адсоткавую папярэднюю аплату, падкрэсліў прадпрымальнік.

Калінінградскае УФАС прыняла гэтую інфармацыю як пагрозу падняць кошт прадукцыі ў сетцы "Вестэр". У дачыненні да Балычава, а таксама кіраўніка гандлёвага дома "Сям'я" Алега Панамарова была вынесеная перасцярога.

Між тым губернатар Калінінградскай вобласці Мікалай Цуканаў прагназуе цягам двух месяцаў перабоі з пастаўкамі некаторых прадуктаў. "Замяшчэнне - гэта канкурэнцыя з іншымі расейскімі рэгіёнамі, плюс новыя пастаўнікі прывыкаюць да нашых мытных правіл. Прагноз: два месяцы будуць перабоі ў некалькіх групах - часткова гародніна, садавіна, сыры", - напісаў Цуканаў у мікраблогу ў Twitter.

Як паведамлялася раней, больш за $9 млн страцілі прадпрымальнікі Калінінградскай вобласці, закупіўшы прадукты за мяжой і не маючы магчымасці імпартаваць іх праз уведзеныя санкцый.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках