2 траўня 2024, Чацвер, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

5000 байкераў і хіпстэраў з'ехаліся на фестываль «Дружба» ў Шаблі

7

На хутары Шаблі прайшоў фестываль, на які з'ехаліся хіпстэры, байкеры і проста аматары надзвычайнага адпачынку.

І сапраўды, усё што да музыкі - было на вышыні. Дзве сцэны, на якіх музыкі гралі практычна нон-стопам, выдатны гук, які быў чутны ва ўсёй акрузе. Ды і склад удзельнікаў парадаваў - хэдлайнерамі фестывалю сталі «Ногу свело», «Дельфин», «Серебряная свадьба», «Без білета», Сяргей Бабкін, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Прыемна здзівіў Макс Пакроўскі з «Ногу свело» - здаецца, за апошнія 15 гадоў ён зусім не змяніўся. У свае 46 гадоў ён выглядае як хлапчук, і ўсё гэтак жа экспрэсіўна паводзіць сябе на сцэне. Публіка настолькі цёпла прымала ягоныя песні, што, выходзячы на «біс» Макс сказаў: гэта не вы нас выклікалі ізноў на сцэну, гэта мы вас просім паслухаць яшчэ. Пасля чаго музыкі грымнулі хуліганскую, у стылі школьнага чорнага гумару «Лысую дзяўчынку».

Пасля «Ногу свело» на сцэне выступала «Серебряная свадьба» - і тут нечакана высветлілася тое, што раней ніколі не прыходзіла ў галаву - гэтыя два гурты падобныя стылістычна. Вось толькі «Ногу свело» беларусы не бачылі вельмі даўно, а канцэрты «Серебряной свадьбы» ў нас значна часцей, некалькі раз у год. Так што ўсе песні слухачы ведалі цудоўна, і спявалі практычна хорам з вакалісткай і душой гурта Бенькай.

Здзівілі меры бяспекі, якія выстаўляла міліцыя да ўдзельнікаў фестывалю. Нагадаем, «Дружба» праводзілася на прыродзе, за 100 кіламетраў ад Менска, многія гледачы прыехалі на два дні з намётамі. Аднак непрыемнай навіной для іх стала, што нельга праносіць на тэрыторыю намётавага мястэчка ні мангалы, ні кальяны. Ды што мангалы - нават складаны ножык, каб парэзаць памідор - бязлітасна адпраўлялі ў аўтамабілі. На ўваходзе перад брамаю ў хутар міліцыя старанна правярала рэчы гледачоў. Піва, не кажучы ўжо пра больш моцныя спіртныя напоі праносіць было таксама забаронена. Кажуць, пра гэта пісалі ў інтэрнэце - але для многіх гледачоў абмежаванні сталі навіной.

Праўда, на тэрыторыі фестывалю ўсё было - і мангалы, і піва, і ежа, і нават пракат намётаў - але за прыстойныя грошы. У выніку многія гледачы былі вымушаныя «накрываць паляну» на паркоўцы аўтамабіляў, і проста там выпіваць сваё піва і рыхтаваць харчы, якія яны прывезлі - праз спякоту ўсё магло хутка сапсавацца.

Недалёка ад сядзібы вартавыя парадку разгарнулі цэлы штаб назірання за фэстам. На канцэртных пляцоўках, а таксама ў чыл-аўт зоне, над адрынамі Шабляў узвышаліся на мачтах відэакамеры. Яны здымалі ўсё, што адбывалася. Гледачы, касавурачыся на камеры, пасмейваліся - «вялікі брат за намі назірае». Не абышлося, вядома, і без аўтазака - абавязковага атрыбуту ўсіх беларускіх святаў.

Увогуле, меры засцярогі на фестывалі з назвай «Дружба» былі нават круцейшымі, чым на мітынгу апазіцыі. Хоць публіка сабралася выключна мірная - у асноўным, хіпстэры, студэнты, і трохі байкераў.

Фота: Юлія Паляшчук, kp.by

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках