7 траўня 2024, aўторак, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск хавае інфармацыю аб афрыканскай чуме свіней

6
Менск хавае інфармацыю аб афрыканскай чуме свіней

Уладам нявыгадна абвяшчаць каранцін праз захворванне.

У студзені 2014 года Расея, Літва і Ўкраіна паведамілі ў Міжнародным эпізаатычным бюро (OIE) аб выяўленні асяродкаў афрыканскай чумы (АЧС) свіней на іх тэрыторыі. Праз месяц АЧС была знойдзена ў Польшчы, а ў чэрвені адпаведны вірус у жывёлы быў знойдзены ў Латвіі. Такім чынам, усе краіны, з якімі мяжуе Беларусь, з пачатку года заявілі аб неспрыяльнай эпізаатычнай сітуацыі, перадае Deutsche Welle.

Аднак Менск мяркуе, што даў рады вірусу і сёлета не накіроўваў у OIE паведамленняў аб выяўленні захворванняў жывёлы на тэрыторыі Беларусі. Краіна адрапартавала толькі пра тое, што асяродкі АЧС, выяўленыя летась у Гарадзенскай і Віцебскай абласцях, былі паспяхова знішчаныя. Тым не менш жыхары беларускіх вёсак кажуць, што жывёліны па-ранейшаму гінуць праз АЧС.

Каранцін скончаны

Каранцін дзеля афрыканскай чумы свіней у Беларусі быў зняты на пачатку лютага. З гэтага моманту міністэрства сельскай гаспадаркі разважыла, што АЧС пакінула пагражаць сельгаспрадпрыемствам і фермерскім гаспадаркам пасля зробленых уладамі беспрэцэдэнтных захадаў.

Захады сапраўды былі надзвычайныя: было загадана знішчыць усіх свіней у пяцікіламэтровых зонах вакол свінакомплексаў, дзе былі выбухі АЧС, на пад'ездах да іх былі выстаўленыя шлагбаўмы, а вакол старых парканаў збудаваныя дадатковыя агароджы. Права праходу на фермы дагэтуль мае абмежаваная колькасць людзей, перад уездам на тэрыторыю ўвесь транспарт праходзіць дэзінфекцыю.

Каранцін кардынальна змяніў структуру вядзення натуральнай гаспадаркі ў вёсках, адзначае кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, які меў шматгадовы досвед працы кіраўніком калгаса. Большасць вяскоўцаў, кажа ён, так і не здолелі пераналадзіцца на іншую сельгасвытворчасць, для кагосьці сітуацыя стала проста катастрафічнай. Але ўсе дзеянні ўлад Мігурскі ўважае за апраўданыя, у тым ліку забарону на ўтрыманне свіней у прыватных дапаможных гаспадарках на перыяд не менш за тры гады з моманту выяўлення асяродка АЧС, гэта значыць да 2016 года.

Статыстыка зробленых захадаў

Змагаючыся з АЧС, улады зачынілі фермы, дзе немагчыма было наладзіць ветэрынарны нагляд. Збольшага гэта тычыцца невялікіх гаспадарак. У 2013 годзе спынілі працу 248 гаспадарак, больш за ўсіх пацярпела Менская вобласць, дзе былі зачыненыя 73 фермы.

Да гэтага часу ідзе няспынны адстрэл дзікоў, асабліва ў радыюсе 20 кіламэтраў вакол фермаў і ўздоўж расейскай мяжы. Паляўнічым, што здабылі трафеі, нават прапануецца даплата са сродкаў нацыянальнага бюджэту, прадугледжаных для кампенсацыі выдаткаў падчас стыхійных бедстваў. Калі на пачатак 2013 года ў Беларусі налічвалася 81,5 тысяч дзікоў, то пад канец снежня іх колькасць знізілася да 19,7 тысяч асобін.

На прэс-канферэнцыі ў пачатку года начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей Шастакоў паведамляў, што да 1 сакавіка было запланавана цалкам вынішчыць папуляцыю дзіка. Паводле апошняй інфармацыі, у красавіку-чэрвені паляўнічыя знішчылі яшчэ 6412 жывёлін.

Прайшло тэхнічнае пераабсталяванне ветэрынарных службаў, якія беспасярэдне робяць аналізы проб, узятых у жывёлы. Абласныя лабараторыі і Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр былі забяспечаны прыстасаваннямі для правядзення ПЦР-дыягностыкі (палімеразная ланцуговая рэакцыя), у іх з'явіліся некалькі сотняў спецаўтамабіляў і дэзінфекцыйных установак, а таксама ўстаноўкі для цеплавой ліквідацыі біяматэрыяла. За 6 месяцаў 2014 года яны даследавалі 10571 пробу дзікоў, свіней у асабістых гаспадарках грамадзян, свінакомплексах і на мясакамбінатах. Вынік на АЧС ва ўсіх выпадках быў адмоўны.

Рэальныя гісторыі

Аднак беларускія стужкі навін у ліпені сёлета зноў застракацелі паведамленнямі аб новым паморку свіней. Але ўлады не хочуць прызнаваць, што гэта АЧС, кажа журналіст і выдавец невялікі сельскай газеты Барыс Вырвіч. У канфліктных сітуацыях вяскоўцы найперш ідуць да яго, каб праз незалежныя СМІ агучыць інфармацыю аб праблемах. Дзякуючы гэтаму стала вядома аб паморку свіней у вёсках Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У сярэдзіне ліпеня пасля здыхаты дзвюх дарослых свіней у асабістай гаспадарцы ў адным з паселішчаў туды прыехала ветслужба, работнікі якой знішчылі і закапалі ўсё пагалоўе наяўных у гаспадарцы свіней, а таксама правялі комплексную дэзінфекцыю ўсіх памяшканняў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай ад аднаго з ветэрынарных спецыялістаў, была выяўленая АЧС, распавядае Вырвіч. Афіцыйна ж супрацоўнікі Бялыніцкай раённай ветэрынарнай станцыі сцвярджаюць, што выпадкаў афрыканскай чумы свіней у Магілёўскай вобласці не зафіксавана.

Ветлекары кажуць, што жывёліны маглі здохнуць, напрыклад, ад класічнай чумы свіней. Прыкметы захворвання АЧС сапраўды можна зблытаць з рожай, сальманелёзам і яшчэ дзясяткам хвароб, згаджаецца жыхар вёскі Лебядзянка Валер Вусік, які прапрацаваў у мясцовым калгасе галоўным ветлекарам 36 гадоў. Але тым не менш, сцвярджае ён, у рэгіёне выяўленая менавіта АЧС.

Патрабаванні застаюцца

Вусік сам паставіў такі дыягназ загінулым жывёлінам на падворках сваіх суседзяў. Сімптомы АЧС былі занадта ўжо відавочныя, але калі абвясціць каранцін, тлумачыць Вусік, то беларускае мяса нельга будзе прадаваць за мяжу, каранцінныя акцыі каштуюць дзяржаве дорага, таму ўлады, як ён кажа, проста адмаўляюцца прызнаваць АЧС.

Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча адрэагаваў на інфармацыю ў прэсе паведамленнем, што паморак свіней у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, Шчучынскім і Астравецкім раёнах Гарадзенскай вобласці, Брагінскім і Веткаўскім раёнах Гомельскай вобласці не перавышае дапушчальную норму.

У той жа час патрабаванне скараціць пагалоўе свіней, грунтаванае на пастанове Саўміна "Аб дадатковых захадах для ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней ды іншых небяспечных захворванняў", захоўваецца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках