7 траўня 2024, aўторак, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барак Абама: Пуцін небяспечны для будучыні Расеі

20
Барак Абама: Пуцін небяспечны для будучыні Расеі

Прэзідэнт ЗША параўнаў Расею з "двухаблічны Янусам".

Барак Абама заявіў, што не расчараваны характарам стасункаў з Крамлём за апошні перыяд, якія абвастрыліся праз украінскі крызіс. Гаворка пра знакамітую "перазагрузку" стасункаў паміж ЗША і РФ, аб якой было абвешчана ў 2009 годзе, зайшла ў інтэрв'ю Абамы часопісу The Economist. Карэспандэнт пацікавіўся, ці не думае амерыканскі лідэр, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін "падставіў" яго, калі разглядаць тое, што адбылося пагаршэнне стасункаў, піша NEWSru.com.

Як адказаў Абама, ён не адчувае, што яго "падставілі". Ён адзначыў, што ў адміністрацыі ЗША былі "вельмі прадуктыўныя стасункі" з цяперашнім прэм'ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, калі той займаў пасаду прэзідэнта да 2012 года. "Мы зрабілі шмат рэчаў, якія павінны былі зрабіць", - падкрэсліў прэзідэнт ЗША. Ён выказаў меркаванне, што Расея заўсёды была падобная да двухаблічнага Януса, бо глядзіць адначасова на Усход і на Захад.

На думку Барака Абамы, дзеянні Пуціна, якія ўяўляюць сабой фактар моцнай напружанасці ў свеце, магчыма, могуць быць небяспечныя для Расеі ў доўгатэрміновай перспектыве, але ў кароткатэрміновай перспектыве расейскі прэзідэнт можа быць папулярным палітыкам унутры краіны і ствараць сур'ёзны непакой за мяжой.

Амерыканскі лідэр у інтэрв'ю заклікаў не перабольшваць ролю РФ у свеце, адзначае агенцтва Reuters. Барак Абама заявіў, што Расея "не робіць нічога". Імігранты не спяшаюцца ў Маскву ў пошуках новых магчымасцяў, сярэдняя працягласць жыцця расейскага мужчыны складае блізу 60 гадоў, насельніцтва скарачаецца. ЗША павінны рашуча рэагаваць на рэгіянальныя выклікі, якія Расея робіць у свеце, мяркуе гаспадар Белага дома.

Абама адзначыў у інтэрв'ю, што Вашынгтон павінен пераканацца, што гэтыя выклікі не прывядуць да рэзкай эскалацыі напружанасці ў свеце і ядзерная зброя зноў не стане прадметам абмеркавання ў міжнароднай палітыцы, як гэта было ў гады халоднай вайны. На мінулым тыдні прэса паведамляла, што Абама напісаў ліст Пуціну, у якім абвінаваціў Расею ў парушэнні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці 1987 года і запатрабаваў ад Масквы прыняць меры.

Нагадаем, наладжаныя пасля "перазагрузкі" стасункі паміж РФ і ЗША спачатку ўскладніліся праз немагчымасць знайсці кампраміс з будаўніцтвам амерыканскай сістэмы ПРА ў Еўропе, потым сталі напружанымі пасля скандалу з палітычным прытулкам, які Масква ў мінулым годзе дала збегламу экс-супрацоўніку амерыканскіх спецслужбаў Эдварду Сноўдэну, і, нарэшце, рэзка абвастрыліся пасля далучэння Крыму да Расеі, якое на Захадзе ўважылі за анэксію.

У Вашынгтоне ўпэўненыя, што Масква не толькі не спрыяе ўрэгуляванню ўкраінскага канфлікту, але, наадварот, падганяе яго далейшае развіццё, надаючы ўсебаковую падтрымку сепаратыстам на ўсходзе Украіны, у тым ліку зброяй. Расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць гэтыя абвінавачанні.

Супрацьстаянне заходніх краін на чале з ЗША і РФ дасягнула апагею пасля катастрофы малайзійскага самалёта Boeing-777 у Данецкай вобласці, які забраў жыцці 298 чалавек. Паводле версіі Захаду, лайнер збілі ракетай "зямля-паветра" сепаратысты, якія падтрымліваюцца Масквой. Менавіта пасля гэтага ЗША і ЕЗ увялі самыя жорсткія сектаральныя санкцыі супраць РФ.

Што да асабістых кантактаў паміж Пуціным і Абамам, то яны перапыніліся яшчэ да ўкраінскага крызісу, хоць раней прэзідэнты плённа мелі стасункі. У жніўні мінулага года Абама скасаваў сустрэчу з Пуціным "адзін на адзін", якая, як меркавалася, павінна была адбыцца ў Маскве перад пецярбургскім самітам G20 у мінулым лістападзе. Пастанову ў Белым доме патлумачылі асуджэннем таго факту, што Расея дала прытулак Эдварду Сноўдэну і адмовілася выдаць яго Злучаным Штатам. У ЗША таксама выказалі незадаволенасць упартасцю Масквы ў пытанні ПРА і невыкананнем ў краіне правоў чалавека.

З моманту абвастрэння ўкраінскага крызісу Абама неаднаразова рабіў рэзкія заявы ў адрас расейскіх уладаў. У маі ў Дзярждэпе заявілі, што Абама не збіраецца сустракацца з Пуціным падчас святкавання 70-й гадавіны высадкі саюзніцкіх войскаў у Нармандыі, куды расейскі лідэр зрабіў у чэрвені першы замежны візіт пасля далучэння Крыму.

Не адрозніваліся ветлівасцю і заявы афіцыйных органаў РФ - так, у расейскім МЗС параілі Абаме "не перакладаць з хворай галавы на здаровую" ў сітуацыі з расследаваннем катастрофы Boeing на Украіне. Нагодай стала заява прэзідэнта ЗША, што Расея нібыта не супрацоўнічае з асобамі, якія праводзяць міжнароднае расследаванне авіякатастрофы.

Тым не менш на мінулым тыдні асабістыя кантакты Абамы і Пуціна аднавіліся - два лідэры пагаварылі праз тэлефон. Паведамлялася, што ініцыятарам гутаркі стаў Барак Абама. Прэзідэнты прыйшлі да высновы, што "цяперашняе становішча спраў не адпавядае інтарэсам абедзвюх дзяржаў". У размове Абама заявіў аб пераважнасці дыпламатычнага ўрэгулявання ўнутрыпалітычнага крызісу на Украіне. У сваю чаргу, Пуцін заявіў, што нарошчванне Вашынгтонам санкцый чыніць сур'ёзную шкоду двухбаковаму супрацоўніцтву і міжнароднай стабільнасці.

Паводле вынікаў гутаркі "прэзідэнты пагадзіліся, што цяперашняе становішча спраў не адпавядае інтарэсам абедзвюх дзяржаў. У гэтым кантэксце адбыўся абмен думкамі пра перспектывы расейска-амерыканскага дыялогу", - адзначалася ў прэс-рэлізе Крамля. І Абама, і Пуцін пазітыўна ацанілі кансультацыі кантактнай групы, якія адбыліся ў Менску, і выказаліся за іх працяг. У выніку абодва лідэры пагадзіліся "трымаць каналы сувязі адкрытымі".

Фота: Getty Images

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках