3 траўня 2024, Пятніца, 21:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нядобрасумленныя выканаўцы нажываліся на будаўніцтве лякарняў

4
Нядобрасумленныя выканаўцы нажываліся на будаўніцтве лякарняў

Больш чым на 600 млн рублёў былі завышаныя аб'ёмы будаўнічых работ на аб'ектах сістэмы аховы здароўя ў Віцебскай вобласці.

Як паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю, такая сітуацыя характэрная для будаўніцтва ўсіх сацыяльна значных аб'ектаў, піша «Ежедневник».

Паводле звестак Віцебскага аблвыканкама, толькі ў 2013 годзе на рэканструкцыю дзейных аб'ектаў аховы здароўя і на будаўніцтва новых вобласць накіравала амаль 300 млрд рублёў. За кошт гэтых сродкаў былі пабудаваныя першы дзевяціпавярховы корпус на 300 ложкаў, у Віцебскай абласной клінічнай лякарні, у дзіцячай абласной клінічнай лякарні былі адкрытыя шэсць новых аперацыйных, а Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж змог рэканструяваць пад студэнцкі інтэрнат будынак былога прафілакторыя. Аднак, як адзначае Камітэт дзяржаўнага кантролю, нягледзячы на існую сістэму кантролю за расходаваннем бюджэтных сродкаў на сацыяльна значных аб'ектах, практычна на кожным з іх падчас праверкі выяўляюцца завышэнні будаўнічых работ. Не сталі выключэннем і аб'екты аховы здароўя ў Віцебскай вобласці.

Так, Камітэтам дзяржкантролю ўстаноўленыя факты парушэння заканадаўства з боку прыватнай будаўнічай кампаніі, якая выконвала функцыі будаўніка пры будаўніцтве аднаго з аб'ектаў аховы здароўя ў г. Віцебску. Паводле звестак КДК, завышэнне кошту будаўнічых работ толькі на адным аб'екце склала 474 млн рублёў. Падчас праверкі супрацоўнікі КДК усталявалі, што да аплаты падрадчыкам былі пададзеныя працы, выкананне якіх не прадугледжвалася праектнай дакументацыяй. Таксама замоўца з незразумелай прычыны аплаціў падрадчыку работы, выкананыя з парушэннем патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Акрамя таго, праверка КДК ўсталявала, што пры будаўніцтве аб'екта аховы здароўя былі выкарыстаныя матэрыялы, якія не прадугледжаныя праектам. Пры гэтым кошт гэтых матэрыялаў быў значна завышаны ў параўнанні з рэальным.

Такую схему выкачвання бюджэтных сродкаў КДК выявіў і пры рэканструкцыі адной з раённых лякарняў Віцебскай вобласці. Там выканаўца работ, спісаў ў адкіды больш за 3 тоны арматуры на суму больш як 87 млн рублёў. Аналагічна пры ўсталёўцы агароджы лякарні падрадчык здолеў завысіць аб'ём спісанага металу на 2 тоны. Для гэтага спатрэбілася толькі змяніць перасек металічнага квадрата ўсяго на 1 міліметр. Таксама падрадчыку была аплачаная ўстаноўка 173 слупоў і 211 секцый агароджы, хоць напраўду слупоў было ўстаноўлена 166, а секцый - 204. Паводле звестак КДК, агульнае завышэнне аб'ёмаў будаўнічых прац на гэтым аб'екце перасягнула 150 млн рублёў.

Цяпер матэрыялы праверак перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы правай ацэнкі дзеянням службовых асобаў, падрадчыкаў і замоўцаў. Як адзначае КДК, для выяўлення апісаных завышэнняў не патрабавалася якіх-небудзь спецыяльных ведаў або навыкаў. Трэба было толькі трымаць вочы адкрытымі і добрасумленна выконваць свае абавязкі. Але замоўцы з дзіўнай прычыны нічога не заўважалі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках