3 траўня 2024, Пятніца, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ермаковіч: У «Слована» прыстойны спіс дасягненняў

1
Аляксандр Ермаковіч: У «Слована» прыстойны спіс дасягненняў

Галоўны трэнер БАТЭ пракаментаваў вынік лёсавання раўнда плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.

- У якой меры вы задаволеныя вынікамі лёсавання?

- Мы вельмі спакойна адрэагавалі на яго вынікі, бо ўжо не раз гулялі ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і выразна ўразумелі: на гэтай стадыі лёгкіх спаборнікаў не бывае апрыёры. З кожным з клубаў варта чакаць напружаных матчаў. Разам з тым мы перакананыя яшчэ і ў тым, што непраходных спаборнікаў няма. Да вынікаў лёсавання паставіліся як да лёсу.

- Наколькі вашы ранішнія чакання супалі з тым, што вам вызначыла жэрабя?

- А ніякіх чаканняў не было. Шчыра кажучы, хоць меў час, нават не разважаў, які клуб з пяцёркі магчымых спаборнікаў на якім сягоння свеце. Бо каманды прабіліся ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў - і гэтым усё сказана. А толькі паводле назваў выбіраць сабе спаборніка, на мой погляд, тое ж самае, што гадаць на кававай гушчы...

-А ці былі такія клубы, з якімі вы не хацелі б сустрэцца ў плэй-оф?

- Пасля таго, як польскай "Легіі" была прысуджана тэхнічная параза 0:3 у матчы з "Селтыкам" і квіток у плэй-оф атрымалі шатландцы, балгарскі "Лудагорац" перасунуўся з ліку сеяных у нясеяных і стаў адным з нашых патэнцыйных спаборнікаў. Вось яго дакладна цяпер мы не хацелі б сустрэць на сваім шляху.

- Што ведаеце пра "Слован"?

- Вядома, маё ўяўленне аб славацкім чэмпіёне пакуль урыўкавае, неглыбокае. Але, думаю, хутка гэты прабел будзе ліквідаваны. А пакуль магу сказаць, што "Слован" - дасведчаны еўракубкавы клуб. Ён у жорсткай барацьбе адолеў вельмі няпросты "Шэрыф", а ў мінулым годзе ў зацятым процістаянні саступіў "Лудогорцу". Пару гадоў таму на шляху ў групавы турнір Лігі Еўропы "Слован" выбіў італійскую "Рому". У восеньскай фазе ён даў упарты супраціў такім вядомым еўрапейскім клубам, як гішпанскі "Атлетык", французскі "ПСЖ", аўстрыйскі "Зальцбург". У славакаў прыстойны паслужны спіс - у апошні час менавіта "Слован" задае тон у сваёй краіне. Гэта вельмі дасведчаная каманда, у якой ёсць кваліфікаваныя легіянеры, а вялікая група футбалістаў рэгулярна прыцягваецца ў розныя зборныя. Увогуле, спаборнік не з простых.

- Як думаеце, які футбол дэманструе "Слован"?

- Як я ўжо сказаў, дэталёвым вывучэннем гэтай каманды мы яшчэ не займаліся, але, мне здаецца, славакі аддаюць перавагу сілавому, атлетычнаму футболу. Паўтаруся, "Слован" - сур'ёзны апанент.

- Доўгі час у двухматчавых раўндах БАТЭ першы паядынак праводзіў дома, а другі - у гасцях. У гульнях з "Дэбрэцэнам" было наадварот. Гатовыя сказаць, што другі варыянт усё ж такі лепшы?

- У кожным выпадку мы не засмучаныя тым, што стартуем у гасцях. А з улікам таго, як склалася нашае спаборніцтва з "Дэбрэцэнам", то накшталт як усё і нядрэнна. Зрэшты, калі б атрымалася наадварот, то рукі дакладна не апусцілі б і сапраўды таксама імкнуліся б скарыстаць сітуацыю сабе на карысць.

- Пасля матчу з "Дэбрэцэнам" часта з вуснаў вашых падапечных гучала фраза, маўляў, БАТЭ ўжо згуляе як мінімум у групавым турніры Лігі Еўропы. Не баіцеся, што вашы падапечныя, у якіх, магчыма, падобнае меркаванне яшчэ сядзіць на падсвядомым узроўні, не здолеюць наладзіцца на новую хвалю?

- Не, не баюся. Усе хлопцы дарослыя, разважлівыя, прафесійна ставяцца да сваіх абавязкаў. Упэўнены, яны выдатна разумеюць, што не заўсёды выпадае шанец трапіць у групавы турнір Лігі чэмпіёнаў. Нам ён выпаў. А калі так, то трэба аддаць усе сілы і ўменні, каб ім скарыстацца.

- Надоечы БАТЭ дазаявіў украінскага паўабаронцу Якаўлева. Ці будуць у вас яшчэ набыцці перад матчамі плэй-оф?

- Усё можа быць.

- Як будзеце здабываць інфармацыю аб спаборніках?

- Не бачу ў гэтым нейкіх складанасцяў. У нас ужо ёсць правераны шлях, і мы па ім зноў пройдзем. Хтосьці з маіх памочнікаў абавязкова пабывае на адным з бліжэйшых матчаў "Слована". Паралельна будзем шукаць відэа апошніх гульняў чэмпіёна Славакіі, а заадно і іншую інфармацыю, якая можа апынуцца карыснай пры падрыхтоўкі да гульняў. Упэўнены, мы добра вывучым "Слован".

- У гэтым плане ў якой меры вы разлічваеце на дапамогу вашага навабранца Якаўлева, які не так даўно гуляў у Славакіі?

- Мы пагутарым з Андрэем. Спадзяюся, з яго дапамогай атрымаем першаснае ўяўленне пра славацкі футбол. Усё ж дэталі, натуральна, будзем скрупулёзна збіраць разам, - цытуе спецыяліста афіцыйны сайт БАТЭ.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках