4 траўня 2024, Субота, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: «Калі Расея ўвядзе новыя санкцыі, у Беларусі моцна падаражэюць аўтамабілі»

11
Барыс Жаліба: «Калі Расея ўвядзе новыя санкцыі, у Беларусі моцна падаражэюць аўтамабілі»

Пагроза Расеі абмежаваць увоз імпартнага адзення і аўто ў адказ на свежыя санкцыі ЕЗ можа для Беларусі мець падвойныя наступствы, упэўнены экспэрт.

Ці ёсць у Беларусі шанец зарабіць на расейскіх магчымых адказных санкцыях, ці кінуцца расейцы купляць нашы Geely, і які непрыемны сюрпрыз можа чакаць беларусаў, распавёў «Салідарнасці» доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

- Відаць, у Беларусі зноў можа з'явіцца шанец зняць вяршкі з канфлікту Расеі і Захаду?

- Не ўсё так адназначна.

Сапраўды, з забароны на імпарт адзення, за якім можа таксама рушыць услед і забарона на імпартны абутак ды іншыя тавары лёгкай прамысловасці, мы можам зняць вяршкі, такія ж, якія здымаем з харчавання. Гэта значыць, у нас з'яўляецца шанец, па-першае, павялічыць экспарт уласнай прадукцыі лёгкай прамысловасці, а па-другое, займацца перакупкай - імпартаваць нейкія вырабы з ЕЗ, пераклейваць этыкеткі, перашываць біркі і штурхаць прадукцыю ў Расею.

І хоць нас часам хапаюць за гэта за руку, Беларусь не збіраецца ад гэтай кантрабанды адмаўляцца.

Зноў жа мы можам атрымліваць нейкія паўфабрыкаты, якасную сыравіну, прывозіць лекалы, выкрайкі з Захаду і з гэтага ствараць свой гатовы прадукт, каб потым экспартаваць яго ў Расею.

- Гэта значыць на гарызонце ў нашай прамысловасці залатыя горы?

- Ну, залатыя - не залатыя... У нас жа магутнасці таксама абмежаваныя. І потым якасць нашых вырабаў не вельмі высокая, таму і наш пакупнік аддае перавагу імпарту.

Таму, каб нешта атрымаць, нашай лёгкай прамысловасці давядзецца папрацаваць вельмі добра. І падвысіць якасць, і наладзіць сувязі з заходнімі пастаўнікамі, каб шыць добрае адзенне паводле іх лекал, з іх матэрыялаў. Гэта задача няпростая.

Лягчэй было з харчаваннем. З харчовых паўфабрыкатаў зрабіць нейкія гатовыя вырабы значна прасцей.

- А што ж з аўтамабілямі. На «Мэрсэдэс» паставіць штамп «Зроблена ў Беларусі», мабыць, не атрымаецца. Яго не прадасі, як «беларускі» пармезан...

- Сапраўды, гэтага не атрымаецца. Што да імпартных аўтамабіляў, тут справа больш складаная, чым з лёгкай прамысловасцю.

Наколькі я разумею, Расея хоча спыніць імпарт патрыманых аўтамабіляў з ЕЗ. Таму тут трэба ўлічваць, як працуе самая сістэма перагоншчыкаў. Калі такія санкцыі будуць прынятыя, то кошты імпартных аўтамабіляў у Расеі падскочаць вельмі істотна. Таму што як ні імкнецца расейскі аўтапрам, каб куплялі жыгулі, - гэтага не адбываецца. Увогуле, расейцы купляюць аўтамабілі, якія збіраюць у Расеі - там шмат ужо замежных легкавікоў збіраецца. Але гэта ўсё роўна не засцеражэ ад скачка коштаў.

А вы ўявіце, што Беларусь вось так закрыецца для Расеі. Натуральна, у нас таксама будзе велізарны скачок коштаў. Гэта ж якія ў нас аўтамабілі ў асноўным прадаюцца ў Малінаўцы або Ждановічах? Зноў жа шмат аўто імпартных паступала з Расеі ў Беларусь - і расейскай зборкі, і патрыманых таксама.

Падскочаць кошты патрыманых аўтамабіляў - адпаведна, могуць падскочыць і на новыя. Гэта пытанне асобнае. Яно складанае для прагнозаў, але ва ўсякім выпадку нічога добрага для нашых аўтааматараў я не прадбачу.

- Тады, можа, у нашых «Geely» з'явіцца шанец?

- Мабыць, толькі яны і могуць на гэтым здабыць. Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, каб пэўная квота гэтых аўто пайшла ў Расею - а акрамя як у Расею яна маштабна пайсці нікуды і не можа. А тут, як гаворыцца, сам Бог загадаў.

- А наколькі вам здаецца наогул рэальнай перспектыва такіх санкцый?

- Усё ж, думаю, да гэтага не дойдзе. Бо следам за імпартам лёгкай прамысловасці і аўтамабіляў Расея пагражае закрыць паветраную прастору. І гэта ўжо будуць санкцыі, якія чыняць абодвум бакам вельмі вялікую шкоду.

Таму калі замірэнне паміж Расеяй і Украінай будзе доўжыцца (а ўжо зразумела, што вайсковым шляхам ніводная старана не можа развязаць праблему і трэба шукаць палітычнае выйсце), Захад можа ўстрымацца ад сваіх санкцый, апошняя хваля якіх ужо таксама падрыхтаваная. Адпаведна і Расея ўстрымаецца ад сваіх - занадта вялікія выдаткі.

- Гэта значыць, падняць нашу беларускую прамысловасць з каленяў - мала шанцаў?

- У кожным выпадку, няхай лепш так, чым вайна.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках