3 траўня 2024, Пятніца, 22:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фермер аб расейскім эмбарга: Будуць есці ўсё, не разбіраючы

12
Фермер аб расейскім эмбарга: Будуць есці ўсё, не разбіраючы

Крэмль тэрмінова шукае замену еўрапейскім і амерыканскім пастаўнікам.

Кіраўніцтва Беларусі запэўніла, што гатовае істотна нарасціць экспарт на ўсход. Ці здолеюць беларускія аграрыі зарабіць на дэфіцыце прадукцыі, які ўжо адчуваецца на расейскім спажывецкім рынку? «Радыё Свабода» пацікавілася меркаваннем гаспадара «Маёнтак Матусевічы» ў вёсцы Мацкі на Міншчыне, фермера Уладзіміра Матусевіча.

Гаспадарка Уладзіміра Матусевіча спецыялізуецца на вырошчванні дрэнна распаўсюджанай у Беларусі агароднінны і зялёных культур. На ягоных палях у прамысловых маштабах культывуецца амаль тры дзесяткі гатункаў капусты, а таксама сельдэрэй, кроп ды іншыя вітамінныя прысмакі - усё, што ў сезон штодня трэба хатняй гаспадыні. Аднак карміць Расею Уладзімір Матусевіч не спяшаецца, і не столькі праз ідэалагічныя прычыны.

«Не тое што ў Расею, я баюся аддаць куды-небудзь тут - на якія-небудзь склады, у гандлёвыя сеткі. На досведзе, які я атрымаў за 20 гадоў, цягам якіх працаваў з дзяржаўнымі агародніннымі камбінатамі, з іншымі, бачу стаўленне да прадукцыі, да фермера. Мая прадукцыя досыць спецыфічная. Яе лішні раз нельга ні моцна ударыць, ні лішні дзень ператрымаць. Таму імкнуся пастаўляць на рынак, на «свежы» рынак. У крайнім выпадку яна павінна быць сабраная з поля ўвечары (найлепш – раным рана), а ўжо да абеду - апынуцца ў гаспадыні ў торбе, каб гатаваць абед. Максімум - да вечара, таму што далей гародніна ўжо не свежая. Тое, што прадаецца ў краме, - катэгарычна не», - распавёў фермер.

«Да Масквы давезці - тым больш патрэбная спецыяльная тара. Хаця, калі зайшла гаворка пра санкцыі, мне штодня тэлефанавалі, прапаноўвалі: давай ў цябе возьмем оптам, прададзім. Недасведчаныя людзі, якія думаюць, што змогуць на санкцыях разбагацець. Думаюць, што ў Расею завязуць і азалаціцца. Гэта не бульбачка, гэта капуста - брокалі, каляровая. Такі тавар нават у далейшых ад сталіцы рэгіёнах нявыгадна вырошчваць, бо прадукцыя павінна быць свежая. Яна не любіць лагістыкі - складоў, доўгіх пераездаў», - дадаў ён.

Уладзімір Матусевіч кажа, што дзяржава, у адрозненне ад прыватніка, не мае такога сентыментальнага стаўлення да сваёй працы, таму шырока раскрытым акном у Расею паспрабуе скарыстацца. На ягоную думку, цяпер ужо не трэба чакаць малочных і мясных войнаў, і на паліцы расейскіх крамаў пацячэ малако з антыбіётыкамі і пойдзе мяса з рэгіёнаў, яшчэ нядаўна праблемных свіной чумой. Між тым магчымасці беларускіх аграрыяў відавочна перабольшаныя - «заваліць» Расею харчамі не атрымаецца фізічна. Інакш жаданне зарабіць усялякім коштам непазбежна падкосіць ўнутраны рынак.

«Ну, вядома, будзем мець нейкі плюс. Можам прадаць лішкі і малака, і мяса, і бульбы, ды іншай гародніны. Раней такога не было, у нас жа увесь час, вы ж памятаеце, з Расеяй войны вяліся то малочныя, то цукровыя, то яшчэ якія. Той жа Анішчанка колькі ўжываў санкцыі супраць нас, беларусаў. А цяпер ужо не, цяпер яны там будуць усё есці без разбору. І з антыбіётыкамі есці будуць, і з усім іншым, абы давалі», - прадоўжыў гаспадар маёнтка.

«Але рэч у тым, што адная Беларусь не зможа такую тэрыторыю забяспечыць, папросту няма такой магчымасці, столькі рэсурсаў. Наогул смешна выглядае, калі Беларусь бярэцца сваімі сіламі распрацоўваць нафтавыя радовішчы ў Іране, будуе аграгарадкі ў Венесуэле, нейкія заводы ў Туркменістане. Цяпер вось збіраюцца накарміць Расею. Амбіцый як у Амерыкі. Напраўду ў нас вельмі мала насельніцтва, каб мы маглі задаволіць патрэбы ўнутраныя, а потым яшчэ і велізарнай Расеі. Не можа купка людзей накарміць увесь свет. Ёсць нейкія лішкі - вось столькі можна і прадаць. І ад гэтага нам будзе лепш. Але не больш за тое», - мяркуе фермер.

Уладзімір Матусевіч перасцерагае кампаніі, якія пойдуць заваёўваць расейскія крамы, ад спакусы зарабіць на «галоднай вайне» Масквы з Захадам. Калі ў гэты спрыяльны час атрымаецца замацавацца на рынку дзякуючы невысокім коштам, то гэта з удзячнасцю ўзгадаюць у перспектыве:

«Напрыклад, я задавольваюся тым малым коштам, які мне даюць аптавікі, якія потым тут жа, на месцы, накручваюць 200%. Я ў курсе, што такая ж капуста у краме каштуе ў некалькі разоў даражэй, чым у мяне, але мне стае і гэтага. Збітыя выказванні, але не толькі грашыма ўсё вымяраецца».

Таксама фермер расказаў і пра ўраджай гэтага года:

«Ураджай - нічога сабе. Нават больш скажу: ураджай у гэтым годзе добры. Лета было добрае, усё спрыяла, ставала і сонца, і вільгаці. Ведаеце ж, што ў краіне збожжавыя ў гэтым годзе ўрадзілі, гародніна нармальная. Некаторыя рэгіёны крыху падсушыла, быў такі месяц, але на маіх землях гэта ніяк не адбілася, у мяне ўраджай добры. Прычым у некаторых пазіцыях добры настолькі, што цяпер нават не ведаю, куды падзець».

Расея ў 2013 годзе імпартавала прадуктаў харчавання на 43 мільярды даляраў, большая палова гэтай сумы прыпадае на Еўразвяз, ЗША, Канаду, Аўстралію і Японію. Усе гэтыя краіны зазналі эмбарга, пастаўкі прадукцыі адтуль забароненыя. Нават у найлепшыя гады экспарт харчавання з Беларусі на расейскі рынак не перасягаў 3 мільярдаў даляраў, а з улікам падвышанага попыту расейскіх спажыўцоў паводле вынікаў 2014-га можна прыплюсаваць пару сотняў мільёнаў даляраў - толькі за жнівень прырост склаў 107% у параўнанні з такім жа перыядам у мінулым годзе. Аднак стаць паўнавартаснай заменай страчаным пастаўнікам з краін Захаду Беларусь не здольная.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках