4 траўня 2024, Субота, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат-мільярдэр прарочыць Расеі працяглы крызіс

12
Дэпутат-мільярдэр прарочыць Расеі працяглы крызіс

Вайна санкцый і неадэкватныя дзяржкіраванне дакляруюць прысунятай эканоміцы Расеі працяглы крызіс і шокавы сцэнар змены вектару развіцця.

Пра гэта заявіў на Саміце Рэйтэр чалец бюджэтнага камітэта Дзярждумы і заснавальнік аўтадылера Рольф Сяргей Пятроў.

Улада падпарадкавалася мабілізацыйнай логіцы ў эканамічнай палітыцы, таму бізнэс асцерагаецца падвышэння падаткаў і не спадзяецца на змену курсу без эканамічнага шоку, бо назапашаныя рэзервы далёка не вычарпаныя, а насельніцтва ахвочае трываць нягоды дзеля спушчанай згары нацыянальнай ідэі, паведамляе Reuters.

«Нашы фонды - хоць бы на паперы - яшчэ моцныя. У бюджэтным камітэце я бачу, як гэта адбываецца. Фармальна мы яшчэ багатыя, але мы ўжо ўсё паабяцалі, усё размеркавалі, і таму пытанне толькі ў тэрмінах, калі мы ўпадзем вельмі сур'ёзна і калі вось гэты моцны крызіс прымусіць нас змяніць вектар», - сказаў Пятроў.

«Усе наўпрост залежыць ад вайны санкцый і эканамічнай сітуацыі. Праблемы будуць нарастаць. Мусібыць, да сур'ёзнага крызісу, сур'ёзнага эканамічнага ўдару абухом па галаве», - заявіў ён.

«Для таго, каб людзі ачомаліся і ахвочыя былі папрасіць аб дапамозе якога-небудзь новага Гайдара або Лі Куана Ю, альбо якую-небудзь лібэральную і прарынкавую структуру, або нават квазілібэральную. Бо ўсё адно давядзецца паноў ствараць бізнэс-клімат і паляпшаць варункі для інвестыцый, няма іншага шляху для аднаўлення эканомікі», - адзначае Пятроў.

Дзяржплан і накаўт

Пятроў, багацце якога часопіс Forbes ацэньвае ў $1 мільярд, кажа, што ўлада не вучыцца на памылках мінуўшчыны і не здольная адэкватна рэагаваць на выклікі:

«Каб выправіць, бачачы, што эканоміка падае, грошы сыходзяць, гэтыя людзі раяць: «Мы зараз там забаронім, мы зараз станем на мяжы з сеткай, і будзем лавіць усіх, хто сыходзіць з грашыма». Гэта значыць, пакуль пераважае логіка мабілізацыйнай эканомікі, з якой мы надоечы выйшлі, але мабыць, навука не засвоеная, і трэба яе паўтарыць».

«Некаторыя разважаюць так: «хай бізнэс уцякае, застанемся адны з рабочым класам», - кажа ён.

У кіраўніцтве краінай усё менш людзей, якія могуць прызнаць памылкі і вызначыць дакладны кірунак дзеянняў, наракае Пятроў.

«Калі вы недакладна вызначаеце свой ground zero, усе вашы дзеянні для выпраўлення будуць няслушныя. Таму першая ўмова, як бы ні было цяжка, прызнаць праўду, дзе мы ёсць. Пасля гэтага толькі можна пачынаць думаць, што рабіць. І для гэтага такіх людзей запрасіць, якія скажуць: Так, гэта непрыемна, але...» - кажа дэпутат.

«Пакуль кіроўная каманда мае ўсе правы давесці гульню да канца. Яны могуць моцна абрынуць эканоміку. Не знарок, вядома. Яны робяць усё магчымае, каб у іх разуменні палепшыць сітуацыю, але для іх паляпшэнне - гэта адзяржаўленне рэшткаў эканомікі. Дзяржплан хіба што толькі засталося ўвесці», - заяўляе дэпутат.

«Крызіс чакаецца не такі, як зазвычай - удар і ўгору. Я чакаю ўдар і доўгае ляжанне некалькі гадоў, пакуль не ачомаецца нейкая больш-менш вялікая частка нашага грамадства», - кажа Пятроў.

Падзел эліт

Эліты, са слоў Пятрова, падзеленыя на тых, хто ахвочы змагацца залежна ад сваіх сіл ды смеласці і даносіць свой пункт гледжання да кіраўніцтва, але іх меншасць, і вялікую частку, якая здабывае прыбытак з сітуацыі.

«Частка эліты разумее, што гэты шлях - у нікуды, і ахвочая ахвяраваць сваім рэйтынгам, сваёй рэпутацыяй, спрабуючы гэта стрымліваць, хто як можа - хто хоць бы касым позіркам, хто цяжкім подыхам поруч з шэфам, а хто проста кажа, як (кіраўнік Сбербанка Герман) Грэф, напрыклад, - вы што робіце, сканчайце, трэба разварочвацца», - адзначае Пятроў.

«А асноўная маса - людзі кволыя, хоць яны і ў эліце, але яны кволыя самі сабой, яны самі нічога не зарабілі. Яны не ведаюць, што рабіць, калі яны апынуцца ў рэальна рынкавым становішчы, калі трэба канкураваць - і як краіна, і як асоба. І яны, нават разумеючы сітуацыю як бязвыхадную, эксплуатуюць наіўнасць насельніцтва і няўменне яго крытычна думаць, няўменне складана ўспрымаць свет, а (выкарыстоўваюць) самыя простыя рэчы - «антыамэрыканізм», «устаем з каленяў»..., - заявіў дэпутат.

«Яны гэта эксплуатуюць дзеля асабістай практычнай мэты - застацца ва ўладзе, атрымаць яшчэ нейкія кантракты. Гэтая частка найбольш вялікая і цынічная. Яна думае: а што, насельніцтва ўсё адно нічога іншага не разумее. Лепш я тут што-небудзь для сябе зараблю».

Частка разважнай эліты не верыць у апазіцыю, баючыся нацыяналістычнай пагрозы і кіруючыся прынцыпам - хто яшчэ можа кіраваць краінай, калі не Уладзімір Пуцін?

«Гэтыя людзі разважаюць: «Добра, няхай, усё вядзе да раскідання, на лібэральную думку, паводле сцэнара СССР-2, СССР-лайт. А лібэралы з іхнымі сумленнымі выбарамі, з іх падыходам прыстойным заўтра ўладу страцяць і аддадуць якім-небудзь нацыяналістам. І ўжо калі так, то Расея асуджаная. А з Пуціным мы гэта падоўжым і, можа быць, знойдзем выйсце», - кажа Пятроў.

Рэйтынг прэзідэнта Пуціна ўзляцеў, паводле апошняга апытання Лявады, амаль да 90% на фоне канфрантацыі з Украінай і Захадам:

«Мы ў вельмі вялікай небяспецы, як краіна, як грамадства, бо мы не захавалі інстытуты кантролю за бюракратыяй, у нас няма звычак. Мае выбаршчыкі ў Арэнбургу кажуць: ну навошта мы за Вас будзем галасаваць? Вы ж апазіцыя. Вы ж нам нічым не дапаможаце. Вось будзеце ва ўладзе - мы будзем за Вас галасаваць!»

У Расеі ўсё менш людзей з перакананнямі, кажа Пятроў: насельніцтва і эліты ўпэўненыя, што ўлада іх абароніць, але ў выпадку змены вектару гатовыя абярнуцца на 180 градусаў.

Палёт нармальны

Расейскі ўрад, які апошнія некалькі месяцаў спрачаўся, што лепш - вярнуць падатак з продажу або падвысіць ПДВ у 2015 годзе, але ў выніку пастанавіў выдаткоўваць Рэзэрвовы фонд - усё адно будзе вымушаны падвышаць падаткі ў блізкай будучыні, упэўнены Пятроў.

«Падаткі, мабыць, будуць узнімаць. Бо проста грошай няма. А сэквэстар рабіць - гэта будзе агульная поўная незадаволенасць», - сказаў Пятроў.

Новы трохгадовы бюджэт, прыняты на мінулым тыдні ўрадам, чалец бюджэтнага камітэта Думы апісаў так:

«Калі Вы будзеце падаць з 20-га паверха, а на 10-м сяброўка спытае «як маешся?», Вы скажаце «усё нармальна, пакуль лячу»... Пакуль парамэтры выконваюцца, але рызыкі з кожным годам растуць, мы паволі спаўзаем у бюджэтны крызіс разам з усёй эканомікай».

Пятроў не здолеў спрагназаваць, калі эканоміка дойдзе да дна.

«У якой форме і калі - не ведаю. Можа, гэта заўтра адбудзецца, можа, праз тры гады, можа, нават даўжэй будзе трымацца. Адыходзячы, мы ж будзем яшчэ пазычаць, у нас яшчэ няма вялікай дзяржаўнай запазычанасці, ёсць магчымасць недзе зрэзаць», - кажа ён.

«Калі мяне пытаюць: «што нам рабіць?», я зазвычай журботна жартую - вучыць адыходную малітву. Расея ў сваёй гісторыі ніколі не прапускала магчымасці зрабіць сабе горш», - падкрэслівае дэпутат.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках