У Беларусі спрабавалі прадаць карціны з рэзідэнцыі Януковіча
4- 29.09.2014, 11:46
- 10,736
У КДБ зрабілі справаздачу аб спыненні спробы прадаць вывезеныя з рэзідэнцыі экс-прэзідэнта Украіны карціны.
«Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь спынена супрацьпраўная дзейнасць злачыннай групы, якая спрабавала пад выглядам работ сусветна вядомых мастакоў Клода Манэ, Вінцэнта Ван Гога, Эдварда Мунка, Канстанціна Юона і Васіля Кандзінскага прадаць карціны невысветленых аўтараў», - гаворыцца ў паведамленні КДБ Беларусі.
«Затрыманыя сцвярджалі, што прапанаваныя імі на продаж творы мастацтва былі вывезены з рэзідэнцыі экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. За пяць карцін названыя асобы хацелі атрымаць 2 млн еўра», - гаворыцца ў паведамленні.
Цяпер вядуцца мастацтвазнаўчая і іншыя экспертызы карцін, падчас якіх будзе вызначаны іх рэальны кошт, а таксама высветленая іх мастацкая, культурная і гістарычная каштоўнасць.
Паводле папярэдніх звестак, спецыялісты мяркуюць, што карціны маюць пэўную каштоўнасць, аднак іх кошт значна ніжэйшы, чым заяўлены падазраванымі.
Таксама ў выніку праведзеных ператрусаў на месцы жыхарства затрыманых асоб супрацоўнікамі КДБ выяўленыя і канфіскаваныя больш за 100 старадаўніх абразоў і карцін.
У дачыненні да падазроных распачатая крымінальная справа паводле прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 233 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць»).