Мэркель выступіла супраць скасавання санкцый супраць рэжыму Пуціна
6- 29.09.2014, 19:29
- 8,972
Еўразвяз усё яшчэ не можа скасаваць антырасейскія санкцыі, заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.
«Магчымасці скасаваць санкцыі пакуль няма», - сказала канцлерка. Яна дадала, што трэба «далей ціснуць», каб дамагчыся паляпшэння становішча ва Украіне, піша Lenta.ru.
Таксама Мэркель адзначыла, што для працягу энэргетычнага партнёрства з Расеяй былі важкія прычыны. Аднак, з яе слоў, можа ўзнікнуць патрэба перагледзець гэтыя стасункі з Расеяй, калі Масква далей будзе парушаць асноўныя прынцыпы.
23 верасня крыніца ў структурах Еўразвязу паведаміла газеце "Камерсант", што 30 верасня ЕЗ можа пачаць пераглядаць санкцыі супраць Расеі. Пастанова аб гэтым пытанні павінна быць прынятая на ўзроўні сталых прадстаўнікоў краін Еўразвязу ў Брусэлі. Дагэтуль кіраўнікі МЗС ЕЗ павінны падаць даклад аб выкананні пагаднення аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне.