4 траўня 2024, Субота, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка здаў катарцам 4000 гектараў зямлі пад Лагойскам

28

Кадастравы кошт участкаў - $7,5 мільёна.

Расея, Кітай, Венесуэла - усе гэтыя краіны сталі «сябрамі Беларусі», таму што былі гатовыя даць нафту, газ, ільготныя крэдыты... Тым часам, на Блізкім Усходзе ўсё больш цесныя стасункі завязваюцца з Катарам, хоць таваразварот паміж Беларуссю і гэтай краінай не выходзіць за межы статыстычнай хібнасці (блізу $ 2,5 мільёна ў лепшыя гады). Гэта, аднак, не перашкаджае арабам праяўляць пільную цікавасць да Беларусі. Супрацоўніцтва з імі асабіста курыруе сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, піша «Наша Нiва».

У 2011-м быў анансаваны праект «Катарская выспа». Каля Берасця планавалі стварыць спецыяльную зону з арабскімі культурнымі і дзелавымі цэнтрамі. А з абласнога аэрапорта хацелі арганізаваць прамыя авіяпералёты ў Доху.

У выніку катарцы спыніліся на будаўніцтве ў Менску. На пляцоўцы каля футбольнага манежа яны ўзводзяць спарткомплекс, кінатэатр і гатэль. Планавалася адкрыць яго да хакейнага чэмпіянату свету, але тэрміны сарвалі.

Усяго ў будоўлю ўкладуць блізу $180 мільёнаў.

Катар - абсалютная манархія, таму і яе замежныя актывы належаць шэйху. Менскі праект рэалізуюць Узброеныя сілы Катара, якія маюць свой інвестыцыйны фонд. Сімвалам катарскай арміі з'яўляецца сокал, таму і ўтвораную кампанію назвалі «Сокал».

Другі прыярытэт дзейнасці Катарцам ў Беларусі - купля зямлі. Згодна з заканадаўствам, замежнікі не могуць набываць яе ва ўласнасць, таму бяруць у арэнду на 99 гадоў.

Спачатку стала вядома аб 25 га лесу ля Дуброўскага вадасховішча, гэта блізу 20 км ад Менска ў Лагойскім кірунку. Участак быў выдзелены для будаўніцтва і эксплуатацыі рэзідэнцыі ў красавіку 2013 года. Вакол яго пакуль толькі закапалі апоры для чатырохметровага плота. Аднак гэта толькі маленькая частка ад катарскіх зямель у Лагойскім раёне.

Ізбішча, Пагост, Выгар, Леснікі... - у суме з дзесятак вёсак адчулі з'яўленне дзіўнага суседа. Жыхары паўночнай Лагойшчыны пачалі скардзіцца на суседства яшчэ ў пачатку года. Новы гаспадар зямлі пачаў агароджваць зямлю чатырохметровым плотам. Спачатку ад мясцовага насельніцтва закрылі лес, а потым яшчэ і перагарадзілі раку Дзвіноса. Па ўсім перыметры развешаныя застрашальныя таблічкі: «Увага! Тэрыторыя арандаваная. Праход і праезд забаронены». Калі хто-небудзь з мясцовых ўсё ж пракраўся ў забароненую зону, то як толькі і збег. Кажуць, па няпрошаным гасцям нават стралялі.

Ахова катарскіх абшараў суровая. Яе набралі не з вяскоўцаў, як звычайна робяць у такіх сітуацыях, а возяць з Менска. Адстаўнікі сілавых ведамстваў нібыта зарабляюць на такой працы вахтавым метадам па $2000 за месяц.

Тым часам у лесе новыя гаспадары расчысцілі месца пад гелікоптэрную пляцоўку і будаўніцтва базы, збіраюцца будаваць некалькі мастоў. А на першы эксперыментальны ўчастак ужо запусцілі аленяў. Калі яны прыжывуцца, можна будзе пачынаць вялікае катарскае паляванне. Але і цяпер грыбнікі часцяком чуюць стрэлы з лесу.

Яшчэ адзін велізарны кавалак новай катарскай зямлі знайшоўся ў цэнтры Лагойскага раёна, каля вёсак Юльянава і Завішынская. Адна са старон надзела ідзе па беразе той самай Дзвіносе і ўпіраецца ў Плешчаніцкае вадасховішча.

І ў тым, і ў іншым выпадку мясцовыя жыхары абураліся нечаканым суседствам, аднак зрабіць нічога так і не змаглі. «Пытанне аб перадачы 99 гектараў зямлі ў арэнду прадстаўніку Катара вырашалася на ўзроўні прэзідэнта», - цытаваў вясной прадстаўнікоў Задар’еўскага сельвыканкама партал onliner.by.

Аднак абгароджаная плошча відавочна большая за 99 гектараў.

«Наша Нiва» знайшла дакумент, які пацвярджае гэта. Як высветлілася, 24 красавіка 2013 Лагойскі райвыканкам заключыў дамову №977 арэнды зямельных участкаў з інвестыцыйнай кампаніяй «Сокал», якая выступіла прадстаўніком Катара. Згодна з дакументам, арабы абавязаліся штогод плаціць па 2,8 мільярды рублёў, цяперашнім курсам гэта блізу $270 тысяч.

Але галоўнае - плошча арандаванай зямлі. Абодва ўчастка (каля Ізбішча і Юльянава) складаюць разам 3897 гектараў! Прастора для палявання, а менавіта з гэтай мэтай выдаецца зямля, зойме блізу 40 км2. Для параўнання, гэта пяць з паловай тысяч футбольных палёў. Ці 20 такіх краін, як Манака.

Вылучэнне гэтай зямлі і яе далейшая забудова адбыліся без грамадскага абмеркавання. Указ Лукашэнкі №302 ад 9 ліпеня 2012 і прынятая ўслед пастанова Мінаблвыканкама №392 ад 10 красавіка 2013 года, якая апісвае працэдуру выдачы надзелаў катарцам, былі выдадзеныя пад грыфам «для службовага карыстання».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках