5 траўня 2024, Нядзеля, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску вучаць спяваць беларускія калыханкі

2

Пастаянна ідзе набор на новыя трохдзённыя майстар-класы.

Музыкант, саліст Белдзяржфілармоніі, спецыяліст у сферы арганізацыі культурных праектаў Сяргей Даўгушаў распавёў рэдакцыі сайта charter97.org, што песні, якім вучаць будучых і цяперашніх бацькоў, былі сабраныя этнографам Ірынай Мазюк у беларускіх вёсках падчас экспедыцый на працягу апошніх 16 гадоў.

- Дзе і для каго вы праводзіце свае майстар-класы?

- Мы праводзім гэтыя курсы, каб мамы вучылі беларускія калыханкі для сваіх дзетак, каб дзеці прывыкалі да роднай мовы і яе меладычнасці. Курсы мы праводзім разам з фалькларысткай Ірынай Мазюк: яна вучыць менавіта спяваць песні, з'яўляючыся галоўным настаўнікам на курсах, а я даю практыкаванні па дыханню і гэтак далей. Ірына ўжо вельмі даўно збірае песні ў вёсках Беларусі.

І вось мы наважылі праводзіць трохдзённыя курсы, навучаючы ўсіх жадаючых менавіта беларускім калыханкам і жартоўным дзіцячым песням. Усе спяваюць разам і прыходзяць са сваімі дзецьмі.

У нас некалькі месцаў правядзення курсаў: ёсць адна студыя і ёсць арандаванае памяшканне па вуліцы Інтэрнацыянальнай у цэнтры Менска.

- Ці не плануеце вы навучаць калыханкам не толькі Менск, але і рэгіёны?

- Нас ужо запрасілі прыехаць з курсамі ў Варшаву. У прынцыпе, мы будзем рады прыехаць куды заўгодна і чакаем запрашэнняў: уся інфармацыя ёсць на нашай старонцы ў «Фэйсбуку». Там мы яшчэ выкладваем відэа-і аўдыёзапісы з заняткаў і дзелімся тэорыяй беларускіх калыханак: якія вобразы з'яўляюцца самымі галоўнымі, чым яны адзін ад аднаго адрозніваюцца і гэтак далей.

- Вашы праграмы на радыё і тэлебачанні маглі б быць вельмі паспяховымі, бо беларусаў, якія цікавяцца, хапае не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Але, напэўна, пакуль не хапае агалоскі.

- Мы праводзім курсы са жніўня, толькі пачынаем, але рэзананс ужо ўражвае. Тэлефануюць людзі, цікавяцца. Курсы стартуюць па меры таго, як набіраецца група. Вядома ж, мы адкрытыя для супрацоўніцтва з радыё і тэлебачаннем.

- Ці няма ў вас іншых пеўчых ініцыятыў, скажам, для дарослых?

- У нас з Аляксеем Чубутам і Юрасём Адамовічам ёсць прыватная ініцыятыва бясплатных спеваў. Наша супольнасць называецца «Спеўныя сходы». Мы збіраемся раз у месяц і спяваем беларускія песні. Удзел бясплатны. На занятках мы разбіраем кожны раз песні і спяваем усе разам. Самае масавае мерапрыемства сабрала 300-400 чалавек - і гэта таксама аб'ядноўвае беларусаў словамі, музыкай і рухамі. Ужо ў верасні адкрываюцца нашы сходы, і яны будуць тэматычнымі - прысвечанымі якой-небудзь эпосе беларускай гісторыі. Пачынаем мы з архаічных старажытных песень. Да нас далучацца розныя музыкі са старажытнымі музычнымі інструментамі. Наступны сход будзе прысвечаны менавіта дзіцячаму фальклору і калыханцы, а таксама будзе нават сход, прысвечаны Агінскаму.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках