5 траўня 2024, Нядзеля, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрась Губарэвіч: Незалежнасць Беларусі са зброяй гатовыя бараніць больш за мільён чалавек

67
Юрась Губарэвіч: Незалежнасць Беларусі са зброяй гатовыя бараніць больш за мільён чалавек

Беларусы - мужная нацыя, у якой ёсць досвед вялікіх перамог.

500 гадоў таму войска Вялікага княства Літоўскага атрымала перамогу над войскамі Маскоўскай дзяржавы. У гісторыю гэта падзея ўвайшло пад назвай Аршанская бітва. І калі для часткі грамадства гэтая бітва з'яўляецца падставай для гонару, то ўлады імкнуцца гэтую дату замаўчаць, спасылаючыся на тое, што цяпер зусім не пара гаварыць пра бітвы паміж братнімі народамі, піша camarade.biz.

У Літве 2014 год на дзяржаўным узроўні абвешчаны Годам Аршанскай бітвы, афіцыйныя ўрачыстасці праводзяцца і ў шмат якіх гарадах Украіны.

У Беларусі сітуацыя іншая: Аршанскі райвыканкам забараніў святкаваць 500-годдзе перамогі ў Аршанскай бітве пад маркай няправільна складзенай заяўкі на правядзенне імпрэзы.

Першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч дзень 8 верасня 1514 года ўважае за «адну з найбольш важных дат для гісторыі Беларусі, бо яна звязаная з поспехам беларусаў ды іншых аб'яднаных войскаў».

«Гэтая бітва пэўным чынам пераламала ход гісторыі, дазволіла больш вольна ўздыхнуць беларускім землям. Гэтая перамога важная не толькі для Беларусі, яна ўвайшла ў падручнікі вайсковай гісторыі, прызнана ў Еўропе як адна з вялікіх бітваў", - сказаў ён.

Са слоў Губарэвіча, сённяшнія беларускія ўлады спрабуюць замаўчаць палітычны аспэкт падзеі. «Яны кажуць, што Аршанская бітва нібыта раз'ядноўвае братнія расейскі і беларускі народы. Але трэба проста памятаць гісторыю, у тым ліку тое, што паміж нашымі народамі была не толькі сяброўства. Мы ж ганарымся перамогай пад Грунвальдам, і гэта ніяк не ўплывае на стасункі Беларусі і краін Заходняй Еўропы, якія тады былі на супрацьлеглым баку», - адзначыў ён.

Губарэвіч упэўнены, што на дзяржаўным узроўні трэба прызнаць: «беларусы - мужная нацыя, у якой ёсць досвед вялікіх перамог. На іх трэба выхоўваць цяперашняе пакаленне, даносіць ўсю паўнату гісторыі беларускім вайскоўцам, тым, хто праходзіць службу і вучыцца ў вайсковых акадэміях».

Падзеі ў Украіне, мяркуе Губарэвіч, павінны рыхтаваць беларусаў да розных сцэнароў развіцця падзей. «Цяпер, на жаль, не толькі ў расейскім кіраўніцтве, але і ў большай часткі грамадства пераважаюць імпэрскія захопніцкія настроі. Пад уплывам прапаганды людзі даслоўна вар’яцеюць, мяркуюць, што вайсковае ўмяшанне і захоп тэрыторыі дапушчальныя ў сучасным свеце. Прычым яны гэтым яшчэ і ганарацца. Беларусам трэба быць гатовымі да ўсякага развіцця сітуацыі. У нас - незалежная краіна, мы гэтым ганарымся, таму павінны быць гатовымі яе абараняць, у тым ліку са зброяй у руках», - сказаў ён.

Палітык уважае, што сённяшняя ўлада гатовая бараніць ня столькі незалежнасць краіны, колькі свае ўласныя інтарэсы. «Цяпер яны супадаюць з інтарэсамі захавання незалежнасці Беларусі. Таму мы бачым, што Лукашэнка займае нейтральную пазіцыю, не імкнецца далучацца да Расеі, хоць фармальна з'яўляецца яе самым галоўным хаўруснікам. У гэтай сітуацыі мы будзем падтрымліваць усе крокі, у тым ліку сённяшняй улады, якія накіраваныя на рэальнае захаванне незалежнасці», - адзначыў ён.

Губарэвіч мяркуе, што беларусы гатовыя бараніць незалежнасць сваёй краіны са зброяй у руках. «Мяркую, гэта магчыма. Сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся падчас збройнага канфлікту ва Украіне, паказвалі, што блізу 14% беларусаў гатовыя абараняць незалежнасць са зброяй у руках. Гэта больш за мільён чалавек - досыць вялікая колькасць людзей, для якіх незалежнасць краіны з'яўляецца вартасцю. Яны разумеюць, што ў выпадку патрэбы трэба пераходзіць да чынных дзеянняў для абароны суверэнітэту», - сказаў ён.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках