За тры гадзіны ў Менску выпала амаль 20% месячнай нормы ападкаў
3- 23.01.2015, 10:56
- 12,092
Раніцай 23 студзеня за тры гадзіны ў Менску выпала блізу 20% месячнай нормы ападкаў.
Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на галоўнага сіноптыка Белгідраметэацэнтра Святлану Рыбакову.
«Ападкі прынёс атмасферны фронт з паўднёвага захаду Еўропы. Больш за ўсё снегу выпала ў Менску - 8 мм, што складае 19% ад месячнай нормы. Прырост снежнага покрыва - 8 см», - праінфармавала Рыбакова.
З яе слоў, у астатніх рэгіёнах Беларусі такога багатага снегападу зафіксавана не было. «Абвастрэнне адбылося менавіта над Менскам - за кошт таго, мабыць, што горад больш цёплы. Напрыклад, па поўдні краіны, адкуль ссоўваўся атмасферны фронт, такой вялікай колькасці снегу метэастанцыі не адзначылі», - адзначыла галоўны сіноптык. Яна паведаміла, што цягам дня ападкі будуць выпадаць, аднак у другой палове гэта будзе пераважна мокры снег з дажджом. Тэмпература паветра чакаецца ад 0 да 2 градусаў цяпла.
На бліжэйшыя выходныя Белгідраметэацэнтр прагназуе няўстойлівае надвор'е - тэмпература паветра будзе блізу нуля, выпадзе мокры снег і дождж.