4 траўня 2024, Субота, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Сувораў: Украіна мае права аднавіць свой ядзерны патэнцыял

19
Віктар Сувораў: Украіна мае права аднавіць свой ядзерны патэнцыял
Віктар Сувораў
ФОТА: «Гордан»

ЗША, Вялікая Брытанія ды Расея адкрыта кінулі Украіну, не выканаўшы ўмовы Будапешцкага мемарандума.

Таму Украіна мае поўнае маральнае права аднавіць свой ядзерны патэнцыял. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню «Гордан» заявіў былы савецкі выведнік, які жыве ў Вялікай Брытаніі, пісьменнік і гісторык Віктар Сувораў.

«Парушэнне Будапешцкага мемарандума значна шырэйшае, чым проста ўкраінская праблема. Цяпер ніводная краіна не давярае гарантыям з боку Расеі, ЗША і Вялікай Брытаніі: маўляў, Украіна паверыла, добраахвотна аддала 1240 ядзерных зарадаў і пракалолася. Цяпер ледзь не кожная дзяржава будзе імкнуцца да стварэння ядзернай зброі, бо ўсвядоміла: заходнія джэнтльмены нічога рэальна не гарантуюць», - падкрэсліў Сувораў.

Пісьменнік і гісторык перакананы, што Украіна мае поўнае права аднавіць свой ядзерны патэнцыял, але ні ў якім разе гэтага не афішуючы.

«Украінскі народ павінен раз і назаўжды вынесці з гэтага адзін урок: нікому з заходніх або ўсходніх партнёраў больш ніколі нельга верыць. Дарэчы, Украіна мае поўнае маральнае права аднавіць свой ядзерны патэнцыял. Толькі няма чаго пра гэта на ўвесь свет балабоніць, трэба ціха і без шуму прыступіць да распрацовак. Я цалкам сур'ёзна», - заявіў Сувораў.

Аўтар кніг «Ледакол» і «Акварыум», якія выйшлі шматмільённым накладам, прывёў у якасці прыкладу Ізраіль, які афіцыйна не ўважаецца за ядзерную дзяржаву, але даўно вядзе распрацоўкі гэтай зброі.

«Ізраіль, напрыклад, ніколі афіцыйна не прызнаваў сябе ядзернай дзяржавай, але ў тым, што мудрыя габрэі сёе-тое ядзернае маюць - нават не сумнявайцеся! Чым жа мудрыя ўкраінцы горшыя? Трэба цішком-нішком прыступіць да стварэння ядзернай зброі, а калі прыпячэ, паціснуць плячыма: ой, выпадкова само выйшла, была майстэрня па вырабе ложкаў, а глядзі, што ў выніку атрымалася... Прабачце, але ЗША, Вялікая Брытанія і Расея адкрыта кінулі Украіну. Кожная такая памылка ў міжнароднай палітыцы павінна стаць для ўкраінскай улады трамплінам для новага скачка наперад», - падсумаваў Сувораў.

Будапешцкі мемарандум - пагадненне аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. У абмен на гарантыі незалежнасці, суверэнітэту і недатыкальнасці межаў з боку ЗША, Расеі і Вялікай Брытаніі Украіна адмовілася ад свайго ядзернага статусу. Мемарандум быў падпісаны 5 снежня 1994 года прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам, прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Джонам Мейджарам і прэзідэнтам РФ Барысам Ельцыным.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках