7 траўня 2024, aўторак, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З віцебскіх ІП патрабуюць грошы на помнік Аляксандру Неўскаму

63
З віцебскіх ІП патрабуюць грошы на помнік Аляксандру Неўскаму

Сродкі на суму не меншую за 50 тысяч рублёў прапануецца пералічыць на працягу пяці дзён.

Ад імя адміністрацыі Кастрычніцкага раёна на кірмашах Віцебска распаўсюджваюць пісьмовае патрабаванне з рэквізітамі банкавага рахунку, на які трэба пералічыць «сродкі на суму не меншую за 50 тысяч рублёў», паведамляе «Радыё Свабода».

Зразумець гэта як просьбу аб дабрачынным ахвяраванні прадпрымальнікі не могуць. Фраза пра тое, што «грошы прапануецца пералічыць на працягу пяці дзён» гучыць як загад. Тым больш, што дату пералічэння і нумар квіта трэба паведаміць свайму падатковаму інспектару.

Энтузіязму ў прадпрымальнікаў такі зварот адміністрацыі Кастрычніцкага раёну не выклікаў. Перш за ўсё таму, што далёка не ўсе ставяцца прыхільна да ідэі ўсталяваць помнік расейскаму князю, жыццё якога з Віцебскам амаль не звязанае. Паводле легендаў, ён нібыта ажаніўся ў віцебскай Дабравешчанскай царкве, але дакументальна гэта не пацверджана. Іншых «прывязак» да места ў гэтай асобы няма.

У 2009 годзе гарвыканкам пастанавіў усталяваць у Віцебску адразу тры помнікі: князю Альгерду, легендарнай княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, і Аляксандру Неўскаму. Быў праведзены конкурс праектаў будучых помнікаў і вызначаныя пераможцы. Што да помніка Аляксандру Неўскаму, то журы выказала шэраг крытычных заўваг, і ўрэшце помнік быў перароблены іншым мастацкім калектывам. Аўтарамі помніка, на які заклікаюць збіраць грошы, з'яўляюцца віцебскія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў і Іван Казак, а таксама Яўген Колчаў з Менска.

Пляцоўка пад помнік была падрыхтаваная яшчэ ў 2011 годзе: яна знаходзіцца на плошчы Тысячагоддзя Віцебска, і пакуль што выконвае ролю кветніка.

У ліпені гэтага года было абвешчана, што помнік будуць ставіць за пазабюджэтныя сродкі. У газэце «Віцьбічы» быў надрукаваны нумар спецыяльна створанага рахунку. Цяпер на яго публічна вымушаюць пералічваць грошы.

Згодна з умовамі тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік павінен быць выраблены і ўсталяваны да траўня 2016 года. Вартасць стварэння і ўсталявання помніка – 3 396 173 532 рублі.

Гарадскія ўлады ўжо працяглы час спрабуюць давесці гараджанам, што гэты помнік патрэбны, а асоба Аляксандра Неўскага вартая шанавання. Гэтаму быў прысвечаны не адзін артыкул у дзяржаўнай прэсе, а ў крамах прадаецца кніга «Віцебская галгофа», выдадзеная ў Смаленску ў 2012 годзе. Яе аўтар Анатоль Шлыкаў - «выканаўца абавязкаў дзяка ў царкве святой роўнаапостальнай княгіні Алены» - так ён сам называецца чытачам. Шлыкаў піша, што «погляды беларусаў заўсёды скіраваныя на Усход», што «расейцы і беларусы вымушаныя шэсць стагоддзяў жыць у розных дзяржавах, але не забыліся, што выйшлі з адной калыскі і з'яўляюцца братамі», і што помнік Аляксандру Неўскаму дапаможа «братняму ўз'яднанню» .

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках