На «Беларуськаліі» выяўлены асабліва буйны крадзеж
3- 25.11.2015, 11:50
- 14,525
Пры будаўнічых работах на «Беларуськаліі» арганізацыя-выканаўца крала будматэрыялы.
Управа барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) распачала крымінальную справу за крадзеж у асабліва буйных памерах у дачыненні да службовых асоб будаўнічых арганізацый.
Крадзеж яны ўчынялі падчас працы на адным з руднікаў «Беларуськалія», паведамляе «Ежедневник» са спасылкай на Управу ўнутраных спраў (УУС) Мінаблвыканкама.
Крымінальная справа распачатая паводле часткі 4 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж у асабліва буйных памерах).
Паводле версіі праваахоўнікаў, службовыя асобы не ўлічвалі ў дакументах лішкі металапракату - больш за 20 тон, на агульную суму больш за 227 мільёнаў.
З дапамогай падробленых дакументаў будаўнікі выкралі металапракат і прадалі прыватнай асобе.
Такую аперацыю яны пракруцілі двойчы - другі раз ім удалося выкрасці матэрыялу на 168 мільёнаў рублёў.
Надоечы «Беларуськалій» даў справаздачу аб рамонтных работах на чацвёртым рудніку. Рамонт тычыўся бункераў, канвеернага транспарту, трубаправодаў ды іншага тэхналагічнага абсталявання».