Эрдаган аб збітым расейскім Су-24: Адгэтуль мы будзем захоўваць такі падыход
22- 25.11.2015, 14:07
- 46,405
Турцыя не будзе маўчаць у адказ на парушэнні цэласнасці сваіх меж і суверэнітэту.
Пра гэта заявіў турэцкі лідэр Рэджэп Таіп Эрдаган, паведамляе агенцтва Anadolu.
Турэцкі прэзідэнт таксама адзначыў, што расейская франтавая авіяцыя ў паўночна-заходнім рэгіёне Сірыі наносіць ракетна-бомбавыя ўдары зусім не па пазіцыях тэрарыстаў арганізацыі «Ісламская дзяржава», а бамбуе рэгіёны, населеныя сірыйскімі туркменамі.
«Кажуць, што яны знаходзіліся там у рамках барацьбы супраць ІД. Па-першае, у правінцыі Латакія, дзе жывуць туркмены з Баірбуджака, і на поўначы няма гэтай тэрарыстычнай арганізацыі. Хай ніхто нікога не падманвае», - сказаў ён.
Прэзідэнт Турцыі заявіў, што Анкара «доўгі час» прыкладала намаганні да таго, каб такі інцыдэнт не адбыўся, і рабіла патрэбныя папярэджанні «ўсім зацікаўленым краінам», у тым ліку і Расеі.
«Адгэтуль мы будзем захоўваць такі падыход. Ніхто не павінен чакаць ад нас маўчання і адсутнасці рэакцыі ў адказ на парушэнні цэласнасці нашых меж, ігнараванне нашых суверэнных правоў, парушэнне законаў», - падкрэсліў ён.
Нагадаем, 24 лістапада турэцкія знішчальнікі F-16 знішчылі расейскі бамбавік Су-24, які ўварваўся ў паветраную прастору краіны. Пілоты катапультаваліся. Лёс аднаго з іх застаецца невядомым. Паводле звестак байцоў апазіцыі, ён забіты.
Са слоў міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, для абароны ад нападаў з паветра на расейскую авіябазу Хмеймім у Сірыі будзе перакінуты зенітна-ракетны комплекс С-400.